Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/30/970877_445871/
Дата раздрукоўкі: 09.12.2019 11:35
30.08.2018 19:14 Эканоміка, Грамадства

У Беларусі павышаецца ўзровень аплаты працы і матэрыяльнай падтрымкі бюджэтнікаў

Мінск, 30 жніўня. Аляксандр Лукашэнка ўзгадніў праект пастановы Савета міністраў "Аб устанаўленні памеру тарыфнай стаўкі першага разраду і павышэнні заработнай платы асобным катэгорыям работнікаў", падрыхтаваны ў мэтах павышэння ўзроўню аплаты працы работнікаў бюджэтнай сферы, матэрыяльнай падтрымкі асобных іх катэгорый.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, дакумент падрыхтаваны ў адпаведнасці з даручэннямі кіраўніка дзяржавы, якія скіраваныя на дасягненне і ўтрыманне ў 2018 годзе сярэдняй заработнай платы па краіне на ўзроўні 1 тыс. рублёў, а ў бюджэтнай сферы — не ніжэй за 80% ад гэтага ўзроўню, а таксама на паэтапнае павышэнне зарплаты асобным катэгорыям работнікаў адукацыі і аховы здароўя ў два разы ў перыяд 2018—2025 гадоў.

Праектам пастановы прадугледжваецца павышэнне з 1 верасня 2018 года зарплаты асобным катэгорыям работнікаў адукацыі і аховы здароўя за кошт устанаўлення павышэння тарыфных ставак, акладаў і даплат ў дыферэнцыяваных памерах з улікам аб'ёму, складанасці і выніковасці працы.

Педагагічным работнікам (уключаючы прафесарска-выкладчыцкі склад) і памочнікам выхавальнікаў прапануецца ўсталяваць павышэнне тарыфных ставак, акладаў на 20%.

У ахове здароўя прадугледжваецца ўстанаўленне: для ўрачоў і медыцынскіх сясцёр — даплат у памеры 20 і 13% адпаведна; для правізараў, фармацэўтаў, фізікаў, хімікаў, біёлагаў — павышэнні акладаў ад 40 да 100%.

Акрамя таго, прадугледжваецца павышэнне з 1 кастрычніка 2018 года тарыфнай стаўкі першага разраду з 34 да 35,5 рубля работнікам бюджэтнай сферы.

У выніку прырост разліковай заработнай платы ў кастрычніку 2018 года ў параўнанні са жніўнем 2018 года складзе: дацэнта ўстановы адукацыі — 72,1 рубля, або 11,3%; настаўніка, які мае 1-ю кваліфікацыйную катэгорыю, — 64,7 рубля, або 12,7%; памочніка выхавальніка — 55,1 рубля, або 15,7%; урача хірургічнага профілю, які мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, — 128,6 рубля, або 19,3%; аперацыйнай медсястры, якая мае 1-ю кваліфікацыйную катэгорыю, — 63,7 рубля, або 14,1%; правізара, які мае 1-ю кваліфікацыйную катэгорыю, — 178,4 рубля, або 46,4%; фармацэўта, які мае 1-ю кваліфікацыйную катэгорыю, — 98,8 рубля, або 26,7%.

Як адзначаецца ў паведамленні, прыняцце пастановы дасць магчымасць у 2018 годзе забяспечыць дасягненне суадносін сярэдняй заработнай платы ў бюджэтнай сферы і па краіне ў цэлым за IV квартал на ўзроўні не ніжэй за 80%, а таксама павялічыць сярэднюю заработную плату педагагічных работнікаў на 13,5% (суадносіны складуць 88%), урачоў — на 19,1% (суадносіны — 144%).

У выніку прыняцця пастановы сярэдняя заработная плата работнікаў бюджэтных арганізацый за 2018 год складзе 742 рубля, у тым ліку за снежань — 858 рубля, у сярэднім за IV квартал 2018 года — 801 рубель.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН