Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/08/31/970951_12345/
Дата раздрукоўкі: 14.12.2019 06:35
31.08.2018 12:30 Грамадства

Праваабаронцы: Палітзняволены Міхаіл Жамчужны працягвае атрымліваць спагнанні

Мінск, 31 жніўня. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, палітвязень Міхаіл Жамчужны працягвае атрымліваць спагнанні з боку адміністрацыі папраўчай калоніі, што расцэньваецца імі як працяг націску. Так, з 31 чэрвеня па 30 жніўня Жамчужны правёў у штрафным ізалятары (ШІЗА) 30 сутак, паведамляе spring96.org.

"Такім чынам, палітвязень амаль бесперапынна працягвае знаходзіцца ў ШІЗА. Гэта 35-е спагнанне, вынесенае Жамчужнаму адміністрацыяй горацкай калоніі са жніўня 2017 года", — адзначаюць праваабаронцы.

Яны паведамляюць, што Жамчужны ўжо абскардзіў спагнанні, вынесеныя яму ў лістападзе 2017 года. Суд Горацкага раёна 20 ліпеня адмовіў у задавальненні скаргаў. Палітвязень абскардзіў гэтае рашэнне суда ў парадку касацыі, але Магілёўскі абласны суд 27 жніўня пакінуў без задавальнення скаргу на рашэнне суда.

Міхаіл Жамчужны — былы дацэнт Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, кандыдат тэхнічных навук, аўтар некалькіх навуковых манаграфій і распрацовак, вынаходнік. Жамчужны перадаваў звесткі пра ўтрыманне зняволеных у месцах пазбаўлення волі праваабарончай арганізацыі "Платформа". Быў затрыманы ў 2014 годзе. У ліпені 2015 года Віцебскі абласны суд прызнаў яго вінаватым у падбухторванні да наўмыснага разгалашэнню звестак, якія ўяўляюць службовую тайну, незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, і дачы хабару. Праваабаронцу прыгаварылі да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда, разгледзеўшы ў кастрычніку таго ж года касацыйную скаргу на прысуд, прызначыла яму больш строгае пакаранне — шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

17 ліпеня беларускія праваабарончыя арганізацыі накіравалі зварот у Адміністрацыю прэзідэнта з просьбай памілаваць Жамчужнага. 1 жніўня ім прыйшоў адказ, у якім гаварылася, што прашэнне будзе разгледжана, калі ён падасць яго асабіста.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН