Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/09/05/971564_12345/
Дата раздрукоўкі: 13.11.2019 18:00
05.09.2018 13:56 Палітыка

У Мінску праходзіць чарговы раўнд перамоваў па сітуацыі ва Украіне

Мінск, 5 верасня. У Мінску праходзіць чарговы раўнд перамоваў па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны.

Цяпер праходзіць сустрэча рабочых падгруп трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны, паведамляе ў "Твітары" МЗС Беларусі. Перамовы ў "Прэзідэнт-гатэлі" традыцыйна праходзяць у закрытым для СМІ рэжыме.

Пазней запланаваная сустрэча трохбаковай кантактнай групы.

Перамовы праходзяць на фоне абвастрэння сітуацыі на Данбасе пасля гібелі 31 жніўня кіраўніка самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі (ДНР) Аляксандра Захарчанкі. Ён загінуў пры выбуху ў кафэ ў цэнтры Данецка. Разам з ім загінуў яго целаахоўнік, раненні атрымалі 12 чалавек. У ДНР заявілі пра дачыненне Кіева да злачынства. Служба бяспекі Украіны абвергла гэта.

Папярэдні раўнд перамоў адбыўся 22 жніўня. Па яго выніках спецпрадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ Марцін Сайдзік паведаміў, што падгрупа па гуманітарных пытаннях абмяркоўвала пытанне абмену палоннымі паміж бакамі канфлікту на Данбасе, аднак пра канкрэтныя вынікі гаварыць пакуль рана.

Паводле яго слоў, абмяркоўвалася падрыхтоўка да маючага адбыцца ў верасні візіту ў зону канфлікту каардынатара падгрупы Тоні Фрыша для сустрэчы з тымі, хто ўтрымліваецца, і азнаямлення з умовамі іх утрымання па абодва бакі.

Палітычная падгрупа, удакладніў Сайдзік, зноў абмяркоўвала пытанні імплементацыі так званай формулы Штайнмаера і амністыі.

У цэнтры ўвагі эканамічнай падгрупы былі пытанні функцыянавання грамадзянскай інфраструктуры, аднаўлення і паляпшэння мабільнай сувязі і водазабеспячэння ў зоне канфлікту.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН