Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/09/05/971638_12345/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 10:37
05.09.2018 17:43 Палітыка

Герашчанка: Расія адмовілася даць Украіне і АБСЕ інфармацыю аб адпраўцы сваіх следчых на Данбас у сувязі з забойствам Захарчанкі

Мінск, 5 верасня. Расія адмовілася даць Украіне і АБСЕ якую-небудзь інфармацыю аб адпраўцы сваіх следчых на Данбас у сувязі з забойствам кіраўніка самаабвешчанай ДНР Аляксандра Захарчанкі. Пра гэта на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку" паведаміла першы віцэ-спікер Вярхоўнай рады, прадстаўнік Украіны ў гуманітарнай падгрупе трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны Ірына Герашчанка.

У Мінску сёння праходзіць чарговая сустрэча трохбаковай кантактнай групы і яе рабочых падгруп.

"Усё, што сёння тут адбывалася, толькі цэментуе ў меркаванні, што забойства верхавода баевікоў у Данецку было спланаванае яго куратарамі з Масквы (Крэмль зачышчае сведак традыцый сваіх злачынстваў і традыцый сваіх змоўшчыкаў на акупаваным Данбасе), ці ж гэта былі крымінальныя рэйдэрскія разборкі паміж самімі тэрарыстамі", — напісала Герашчанка.

Паводле яе слоў, украінскі бок запатрабаваў ад Расіі неадкладна даць поўную інфармацыю адносна фактаў і заяваў, якія з`явіліся ў СМІ, што расійскі бок накіраваў на Данбас сваіх следчых для расследавання забойства Захарчанкі.

"Па-першае, гэта грубае парушэнне ўкраінскага заканадаўства, на нашай суверэннай тэрыторыі следчыя дзеянні могуць весці толькі ўкраінскія следчыя органы, або — з дазволу адпаведных структур, а мы расіянам такіх дазволаў не давалі, — адзначыла Герашчанка. — Па-другое, гэта і парушэнне Крымінальнага кодэкса РФ, які прадугледжвае, што [расійскія] следчыя органы могуць працаваць толькі на тэрыторыі федэрацыі. І фактычна гэта прызнанне РФ акупацыі Данбаса, калі там ужо шнараць не толькі вайскоўцы, эфэсбэшнікі, "пацярашкі", але і следчыя".

"Расіяне катэгарычна адмовіліся даць АБСЕ і Украіне якую-небудзь інфармацыю аб гэтых сваіх следчых групах. Таксама ў справаздачах СММ АБСЕ зафіксавана, што расіяне таксама адмовіліся паказаць цела ўзарваных баевікоў і не дапусцілі ў бальніцы, дзе ўтрымліваюцца параненыя. Гэта яшчэ раз сведчыць аб расійскім следзе зачысткі змоўшчыкаў", — заявіла Герашчанка.

Герашчанка таксама дадала: "Вельмі яскрава ў гэтай гісторыі прасочваецца паралель з яшчэ адным злачынствам, да якога мае дачыненне РФ, — збітым "Боінгам" МН17, калі рускія і іх марыянеткі гэтак жа адмовілі ў доступе міжнародных маніторынгавых місій да месца трагедыі і заблакавалі ўсю інфармацыю з месца злачынства. Так сам злачынец замятае сляды".

Паводле слоў Герашчанкі, сёння, у чацвёртую гадавіну падпісання менскіх пагадненняў, Украіна "зафіксавала поўнае ігнараванне выканання пагадненняў РФ", заблакаваны працэс вызвалення заложнікаў. "Прадстаўнікі РФ у гуманітарнай падгрупе адказалі адмовай забраць грамадзян Расіі з украінскіх турмаў у абмен на нашых палітвязняў, заявіўшы, што "РФ не мае дачынення да канфлікту і нас там няма". Гэта значыць, Радзіма афіцыйна кінула расіян ва ўкраінскіх турмах", — напісала Герашчанка.

Яна адзначыла, што прадстаўнікі самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік "спрабавалі сёння ўвесь дзень — і ў падгрупах, і на трохбаковай кантактнай групе — разыграць танны вадэвіль і зладзіць правакацыю з "хвілінай маўчання "па тэрарысце". "Украінская дэлегацыя, вядома, адразу ж выйшла з залы, пакінуўшы АРДЛА з рускімі самім памінаць сваіх змоўшчыкаў, — паведаміла Герашчанка. — А калі мы вярнуліся ў залу, то звярнуліся да АБСЕ з заклікам ушанаваць хвілінай маўчання сапраўдных герояў — тысячы ўкраінцаў, забітых у выніку расійскай агрэсіі на Данбасе. Сярод загінулых ад рускіх забойцаў і іх марыянетак — нашы ваенныя і грамадзянскія, жанчыны і дзеці. Толькі ў жніўні загінуў 21 ўкраінскі вайсковец, самаму малодшаму быў 21 год, засталіся сіротамі дзеці. Украінская дэлегацыя ўся ўстала. Расіяне, якія нясуць адказнасць за кожнага забітага ўкраінца, і іх манкурты-янычары, сядзелі. Не забудзем... не даруем".
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН