Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/09/13/972634_12345/
Дата раздрукоўкі: 22.09.2018 16:23
13.09.2018 12:37 Эканоміка

Сёння ў Маскве пройдуць перамовы па пастаўках у Беларусь нафты і нафтапрадуктаў

Мінск, 13 верасня. Віцэ-прэм'ер Беларусі Ігар Ляшэнка і намеснік старшыні ўрада Расіі Дзмітрый Казак, якія курыруюць энергетычную сферу, правядуць 13 верасня ў Маскве перамовы. Пра гэта БелаПАН паведамілі ў прэс-службе беларускага ўрада.
Папярэдняя сустрэча Ляшэнкі з Казаком адбылася 29 жніўня.

Сёння ж у Маскве пройдзе сустрэча віцэ-прэм'ера Беларусі Ігара Петрышэнкі з першым віцэ-прэм'ерам, міністрам фінансаў Расіі Антонам Сілуанавым.

Пра тое, што на гэтым тыдні адбудуцца перамовы па пытаннях паставак нафты і нафтапрадуктаў, Ляшэнка паведаміў журналістам 10 верасня. Ён адзначыў, што Беларусь будзе настойваць на захаванні аб'ёмаў паставак расійскіх нафтапрадуктаў, якія традыцыйна склаліся. "Мы настойваем на аб'ёмах, якія традыцыйна склаліся. Ніякіх рэзкасцяў, нам патрэбная стабільнасць", — сказаў віцэ-прэм'ер. "Расійскі бок прапануе ўдакладніць аб'ёмы па нафтапрадуктах, а па нафце пад сумнеў аб'ёмы ніхто не ставіць", — дадаў ён.

5 верасня дырэктар дэпартамента падатковай і мытнай палітыкі Мінфіна РФ Аляксей Сазанаў заявіў, што пры пастаўках нафтапрадуктаў у Беларусь расійскі бюджэт недаатрымлівае экспартныя пошліны. "Па сутнасці, гэта зноў прыхаваная форма субсідзіравання зараз ужо ўнутранага рынку Беларусі... Гаворка можа ісці пра аб'ёмы паставак ад 100 да 300 тысяч тон за год, але не пра два мільёны тон, як цяпер. Летась мы страцілі на гэтым 10 мільярдаў рублёў, сёлета толькі за першае паўгоддзе — яшчэ 10 мільярдаў", — падкрэсліў расійскі чыноўнік.

Паводле даных статыстыкі, у першым паўгоддзі Беларусь істотна павялічыла імпарт нафтапрадуктаў з Расіі. Як стала вядома БелаПАН, па ініцыятыве расійскага боку ўжо падрыхтавана рашэнне аб тым, што з чацвёртага квартала 2018 года Расія абмяжоўвае пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь і гатовая пастаўляць іх выключна для задавальнення ўнутраных патрэбаў рэспублікі. Акрамя гэтага, праект міждзяржаўнага рашэння прадугледжвае, што па патрабаванні расейскіх уладаў беларускія прадпрыемствы і дзяржаўныя органы павінны будуць абгрунтоўваць гэтыя ўнутраныя патрэбы.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН