Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/09/13/972646_12345/
Дата раздрукоўкі: 14.11.2018 22:36
13.09.2018 14:17 Эканоміка, Фінансы, Грамадства

У Беларусі зацверджаная антыінфляцыйная праграма

Мінск, 13 верасня. Новая антыінфляцыйная праграма зацверджаная сумеснай пастановай Савета міністраў і Нацыянальнага банка № 658/12 ад 12 верасня, паведаміла прэс-служба ўрада.
Праграма прынятая "з мэтай стварэння ўмоў для ўстойлівага эканамічнага росту, развіцця канкурэнцыі і зніжэння інфляцыйных чаканняў".

Дакумент змяшчае меры, накіраваныя на: ліквідацыю існуючых дыспрапорцый у цэнаўтварэнні і памяншэнне тэмпаў росту адміністрацыйна рэгуляваных цэн і тарыфаў; удасканаленне падатковай палітыкі ў частцы празрыстасці і прадказальнасці на сярэднетэрміновы перыяд; развіццё канкурэнцыі і зніжэнне манапалізацыі эканомікі; зніжэнне інфляцыйных чаканняў і павышэнне даверу да эканамічнай палітыкі дзяржавы.

Акрамя таго, праграма вызначае колькасны сярэднетэрміновы арыенцір па ўзроўні інфляцыі — падтрыманне на ўзроўні 4%. Мяркуецца замацоўваць індыкатыўны паказчык прагнознага ўзроўню базавай інфляцыі на чарговы год у складзе разліковых балансавых паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь.

"З мэтай замацавання адказнасці Нацыянальнага банка за дасягненне стабільнасці цэн у краіне, узмацнення яго аперацыйнай самастойнасці запланаванае ўнясенне зменаў у Банкаўскі кодэкс. Для безынфляцыйнага эканамічнага росту намечана павышэнне даверу да нацыянальнай валюты, пашырэнне сферы выкарыстання беларускай рубля", — паведамляе прэс-служба.

Як лічаць ва ўрадзе, рэалізацыя гэтых мер знізіць уплыў высокай валатыльнасці цэн на асобныя віды тавараў, у тым ліку сезонныя, будзе спрыяць усталяванню аб`ектыўных цэн на імпартаваную прадукцыю, асабліва на тавары крытычнага імпарту.

Акрамя таго, праграма ўкараняе механізмы паэтапнага пераходу да рэгулявання цэн на тавары гаспадарчых суб`ектаў, якія займаюць дамінуючае становішча, а таксама ўстанаўленне тарыфаў на сярэднетэрміновы перыяд на асобныя паслугі натуральных манаполій, у тым ліку з улікам росту ўзроўню даходаў насельніцтва.

У сферы ЖКГ прадугледжанае паэтапнае скарачэнне памераў перакрыжаванага субсідавання насельніцтва (штогадовае павелічэнне цэн на энергарэсурсы для насельніцтва і зніжэнне тарыфаў на іх для прамысловасці на суму дадатковай выручкі ад рэалізацыі паслуг насельніцтву). Акрамя гэтага, прадугледжаная аптымізацыя выдаткаў на аказанне ЖКП, распрацоўка і рэалізацыя механізму падтрымання дасягнутага 100-працэнтнага ўзроўню кампенсацыі выдаткаў, што дасць магчымасць пры прыняцці рашэнняў па змяненні ўзроўню тарыфаў грунтавацца на пэўных індыкатарах магчымага росту па затратных артыкулах.

Вызначана ўсталяваць парадак змянення тарыфаў на перавозку пасажыраў гарадскім, прыгарадным аўтамабільным, а таксама чыгуначным транспартам толькі на аснове загадзя зацверджаных крытэрыяў і з пэўнай перыядычнасцю, а на перавозку пасажыраў гарадскім, прыгарадным аўтамабільным — яшчэ і з арыентацыяй на змяненне ўзроўню даходаў насельніцтва. У 2020 годзе плануецца дасягнуць 60-працэнтнага ўзроўню кампенсацыі тарыфамі затрат на перавозкі пасажыраў чыгуначным транспартам.

Праграма таксама прадугледжвае змену тарыфаў на паслугі сотавай рухомай электрасувязі, доступу ў інтэрнэт на аснове загадзя зацверджаных крытэрыяў і з пэўнай перыядычнасцю, улічваючы інтарэсы спажыўцоў і падтрыманне інвестыцыйнай актыўнасці пастаўшчыкоў паслуг. Плануецца дасягнуць 100-працэнтнага ўзроўню кампенсацыі тарыфамі выдаткаў на рэгуляваныя паслугі электра- і паштовай сувязі, у тым ліку за кошт аптымізацыі выдаткаў, што выключыць павышэнне тарыфаў высокімі тэмпамі.

У сферы фармакалогіі мяркуецца ўкараніць парадак рэгістрацыі гранічных адпускных цэн на лекавыя сродкі на аснове прынцыпаў рэферэнтнага цэнаўтварэння, што выключыць рэалізацыю лекавых сродкаў па неабгрунтавана высокіх цэнах.

У аграрнай сферы запланаванае правядзенне "ўзважанай цэнавай палітыкі з улікам знешніх і ўнутраных фактараў і ўкараненне методыкі вызначэння закупных цэн на сельскагаспадарчую прадукцыю, якая закупляецца для дзяржаўных патрэб у залежнасці ад эфектыўнасці перапрацоўкі".

Будзе працягнуты маніторынг змянення цэн і суцэльнае абследаванне таварнай наменклатуры прадукцыі, якая рэалізуецца за кошт добраахвотнага партнёрства МАРГ (заключэння пагадненняў) з вытворцамі, гандлёвымі і грамадскімі аб`яднаннямі і ўкаранення электронных спосабаў апрацоўкі дадзеных.

Рэспубліканскім органам дзяржкіравання і іншым дзяржарганізацыям, падпарадкаваным ураду, Нацыянальнаму банку, аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму даручана штоквартальна да 15-га чысла месяца, наступнага за справаздачным кварталам, падаваць у Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю інфармацыю аб ходзе рэалізацыі антыінфляцыйнай праграмы.

МАРГ неабходна ажыццяўляць маніторынг выканання праграмы і штоквартальна да 25-га чысла месяца, наступнага за справаздачным кварталам, інфармаваць Саўмін аб ходзе яе рэалізацыі.

У сакавіку Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду знізіць інфляцыйныя чаканні беларусаў, якія былі высокімі. Як заявіў прэзідэнт, ён "ведае, што стаіць за гістарычна нізкім узроўнем інфляцыі". "Людзям усё роўна, якая ў нас у краіне сярэдняя інфляцыя. Яны робяць высновы па цэнах на тавары, якія купляюць штодзень. А там рост як мінімум на 8-10% за год. А калі паслугі сюды дадаць, то і больш, а не 4,5% ці 6%. Таму рост цэн для насельніцтва па-ранейшаму з`яўляецца праблемай нумар адзін. Маё патрабаванне да кіраўніка Нацбанка, як і чатыры месяцы таму, — скарачэнне інфляцыйных чаканняў", — сказаў Лукашэнка.

Паводле планаў урада, інфляцыя ў Беларусі па выніках 2018 года не павінна перавысіць 6%.

Паводле інфармацыі Белстата, у жніўні інфляцыя склала 0,1%, а з пачатку года — 2,9%. У маі 2018 года спажывецкія цэны знізіліся на 0,3%, у чэрвені — павялічыліся на 0,4%, у ліпені — знізіліся на 0,2%.

Нацбанк чакае па выніках года інфляцыю ніжэйшую за 6%, што адпавядае зацверджанаму прагнознаму паказчыку.

Згодна са жнівеньскай ацэнкай інфляцыйных чаканняў насельніцтва, спажывецкія цэны ў найбліжэйшы год могуць вырасці на 11,7%. У параўнанні з маем узровень чаканай інфляцыі вырас на 0,3 працэнтнага пункта, паведаміў раней Нацыянальны банк. Інфляцыйныя чаканні Нацбанк вымярае на падставе апытання насельніцтва. Падчас сацыялагічнага даследавання, праведзенага ў жніўні, 56,3% (у маі — 64,4%) апытаных заявілі, што цэны будуць расці гэтак жа інтэнсіўна, як і раней.

Папярэдняя антыінфляцыйная праграма была зацверджаная 31 жніўня 2015 года.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН