Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/09/14/972745_12345/
Дата раздрукоўкі: 22.09.2018 16:35
14.09.2018 09:42 Эканоміка, Фінансы

Дзяржава набудзе пакет акцый ЗАТ "Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя"

Мінск, 14 верасня. Савет міністраў даручыў Міністэрству фінансаў у 2018 годзе ўнесці 5 млн 506 рублёў у выглядзе грашовага ўкладу Рэспублікі Беларусь у статутны фонд ЗАТ "Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя". Гэта прадугледжана пастановай урада ад 12 верасня 2018 года № 661.

Як паведамляе прэс-служба ўрада, гэтая сума з рэспубліканскага цэнтралізаванага інавацыйнага фонду будзе накіраваная для набыцця Рэспублікай Беларусь 714.358 акцый ЗАТ у перыяд правядзення закрытай падпіскі.

Дзяржаўнаму камітэту па маёмасці сумесна з Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання неабходна забяспечыць прыняцце ва ўласнасць Рэспублікі Беларусь акцый, эмітаваных у сувязі з павелічэннем статутнага фонду ЗАТ "Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя" ў адпаведнасці з гэтай пастановай.

Дакумент набывае моц з дня яго прыняцця.

Такім чынам, дзяржава, якой раней належала 25% у БНБК, павялічвае сваю долю ў карпарацыі. У склад яе акцыянераў таксама ўваходзяць буйныя кітайскія кампаніі CITIC International Investments Ltd. і COFCO Corporation (да гэтага моманту ім належалі адпаведна 20 і 9%) і расійская кампанія "Вірэн-Інвест" (1%). Буйныя пакеты акцый таксама належаць двум шатландскім (Maxforce LP і Altastar LP) і двум эмірацкім (Al Salaam Biotech Investments Ltd. і Al Ziad Agro Investments Ltd.) кампаніям — 45% да павелічэння долі беларускай дзяржавы. За імі могуць стаяць інтарэсы былога кіраўніцтва Кыргызстана, якому прыпісваюць ідэю па стварэнні аграпрамысловага комплексу.

Нагадаем, БНБК узначальвае Данііл Урыцкі, які, як сцвярджаюць улады Кыргызстана, з`яўляецца беглым прэм`ер-міністрам краіны Даніярам Усенавым. На радзіме ён прыгавораны да пажыццёвага зняволення. 27 ліпеня ў гутарцы з карэспандэнтам інтэрнэт-газеты БелаПАН Naviny.by бізнесмен адмаўляў, што раней быў Усенавым. 28 ліпеня МЗС Кыргызстана перадаў кіраўніку беларускай дыпмісіі ў Бішкеку ноту пратэсту ў сувязі са знаходжаннем і дзейнасцю Усенава на тэрыторыі Беларусі.
Андрэй Серада, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН