Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/09/14/972757_12345/
Дата раздрукоўкі: 20.11.2018 16:47
14.09.2018 11:13 Эканоміка, Фінансы

ЕБРР: 2018 год можа стаць рэкордным па аб'ёме інвестыцый банка ў Беларусі

Мінск, 14 верасня. Гэты год можа стаць самым паспяховым па аб'ёме інвестыцый Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця ў эканоміку Беларусі, заявіў 14 верасня журналістам у Мінску кіраўнік прадстаўніцтва ЕБРР Алекс Піваварскі.
"З пачатку года банк падпісаў у Беларусі 16 праектаў прыкладна на 230 млн еўра, або прыблізна 270 млн долараў. Такім чынам, на канец года наш партфель бягучых праектаў у Беларусі вырасце не менш чым на 200 млн еўра і складзе каля 650—700 млн еўра. Летась у нас было 163 млн еўра, таму ўжо відавочна, гэты год будзе больш паспяховым", — сказаў Піваварскі на прэс-канферэнцыі, прысвечанай вынікам чатырохдзённага візіту ў Беларусь дэлегацыі савета дырэктараў ЕБРР.

У цэлым, працягнуў ён, гэты год можа стаць самым паспяховым па аб'ёме інвестыцый ЕБРР з улікам запланаванага падпісання да канца года яшчэ некалькіх здзелак, у тым ліку па праекце з "Мінскводаканалам", дзе аб'ём укладанняў складзе яшчэ каля 100 млн долараў, а таксама здзелак у прыватным сектары з агульным аб'ёмам інвестыцый каля 50 млн долараў.

Як адзначыў прадстаўнік савета дырэктараў ЕБРР Энтані Барцокас, Еўрапейскі банк усё больш інвесціруе ў эканоміку Беларусі. "Але важны не толькі чысты аб'ём нашых укладанняў, але таксама колькасць і ахоп тых праектаў, у якія мы інвестуем у Беларусі", — сказаў ён.

"Мы падкрэсліваем гатоўнасць Еўрапейскага банка рэагаваць на патрэбнасці Беларусі, якія ўзнікаюць, але тут найважнейшай умовай з'яўляецца стварэнне з боку ўрада рынкавых умоў для ажыццяўлення рэформаў. Тады ЕБРР гатовы рэагаваць на запыты больш актыўна і інвеставаць у большым аб'ёме. Гэты падыход не ўнікальны для Беларусі, ён дзейнічае ва ўсіх краінах нашай прысутнасці", — адзначыў Барцокас.

Дэлегацыя савета дырэктараў ЕБРР знаходзіцца ў Беларусі з 11 верасня. Гэта першы падобны візіт пасля прыняцця новай краінавай стратэгіі банка па Беларусі ў 2016 годзе. У дакуменце адзначаецца, што ў сувязі са зменамі ў рэгіянальнай геапалітычнай абстаноўцы Беларусь стала дэманстраваць большую адкрытасць на міжнародным узроўні і большую гатоўнасць да абмеркавання палітычнай сітуацыі ўнутры краіны, у тым ліку пытанняў, звязаных з выкананнем правоў чалавека. Гэтыя пазітыўныя змены, а таксама рэакцыя на іх міжнароднай супольнасці "стварылі новы палітычны кантэкст для дзейнасці ЕБРР" у Беларусі і "адкрылі магчымасці для больш актыўнага ўзаемадзеяння з беларускімі ўладамі".

У сувязі з гэтым ЕБРР выказаў гатоўнасць падтрымліваць ініцыятывы ўрада па правядзенні канкрэтных рэформаў інвестыцыямі і тэхнічнай дапамогай для развіцця прыватнага сектара, садзейнічання прыватызацыі, павышэння ўстойлівасці грамадскай інфраструктуры на аснове камерцыйных рашэнняў.

ЕБРР — міжнародны фінансавы інстытут, які спрыяе развіццю прыватнага сектара і прадпрымальніцкай ініцыятывы ў 38 краінах на трох кантынентах. З моманту пачатку сваёй дзейнасці ў Беларусі ў 1992 годзе банк інвеставаў больш за 2 млрд еўра ў праекты ў розных галінах беларускай эканомікі.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН