Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/09/14/972782_885522/
Дата раздрукоўкі: 22.09.2018 16:31
14.09.2018 13:25 Эканоміка, Грамадства

Першы віцэ-прэм'ер пра тарыфы ЖКГ: Рэзкіх рухаў у бок павелічэння не будзе

Мінск, 14 верасня. "Магу сказаць, што рэзкіх рухаў у бок павелічэння не будзе", — заявіў першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Аляксандр Турчын 13 верасня на сустрэчы з калектывам філіяла № 2 ААТ "Рэчыцкі тэкстыль" (Гомельская вобласць), адказваючы на пытанне аб магчымым павелічэнні тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі.

"Сёння па шэрагу паслуг мы аплачваем прыблізна 80% іх сабекошту. Найбольш адчувальныя ў гэтым кірунку пазіцыі — ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне. На гэты конт ёсць выразная пазіцыя. Кіраўніком дзяржавы пастаўленая задача: любое павышэнне тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі павінна быць звязанае з ростам матэрыяльнага дабрабыту людзей", — цытуе першага віцэ-прэм'ера прэс-служба ўрада.

Адказваючы на пытанні работнікаў прадпрыемства, Турчын праінфармаваў, што зараз урад не разглядае магчымасць далейшага павышэння пенсійнага ўзросту. "У цяперашні час сітуацыя складваецца такім чынам, што з кожным годам колькасць людзей пенсійнага ўзросту на аднаго працоўнага павялічваецца. Разам з тым урад не разглядае пытанне павышэння пенсійнага ўзросту. Што да пенсій, то сёлета неаднаразова павышалі іх памеры. Плануем захоўваць сярэдні памер працоўных пенсій на ўзроўні 40% ад сярэдняй заработнай платы па краіне", — адзначыў ён.

Абмяркоўваючы перспектывы Кармянскага раёна, Турчын акцэнтаваў увагу на тым, што мясцовыя жыхары могуць задзейнічаць і асабісты рэсурс. "Сёння ў развіцці невялікіх райцэнтраў мы робім стаўку на малы і сярэдні бізнес. Гэта асноўны генератар новых працоўных месцаў у такіх населеных пунктах. Са свайго боку ствараем мноства прэферэнцый для яго развіцця", — сказаў першы намеснік прэм'ер-міністра.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН