Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/09/20/973490_12345/
Дата раздрукоўкі: 19.12.2018 14:53
20.09.2018 11:48 Грамадства

Рух "За Свабоду" пачаў збор подпісаў за ўстаноўку ў Мінску памятнай дошкі ў гонар 100-годдзя БНР

Мінск, 20 верасня. Рух "За Свабоду" пачаў збор подпісаў за ўсталяванне ў Мінску памятнай дошкі ў гонар 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, паведаміла прэс-служба арганізацыі.

Падпісаць адпаведную петыцыю можна на анлайн-пляцоўцы zvarot.by. "Мы заяўляем пра важнасць з`яўлення ў цэнтры Мінска першага памятнага знака ў гонар БНР, які будзе ўказваць на павагу да гэтай гістарычнай падзеі і прывядзе да ўмацавання суверэнітэту", — гаворыцца ў петыцыі.

Падпісанты просяць сталічныя ўлады пацвердзіць дазвол на ўстаноўку памятнай дошкі ў гонар 100-годдзя БНР на будынку па вуліцы Валадарскага, дзе 25 сакавіка 1918 года была абвешчаная незалежнасць БНР. Яны таксама просяць правесці цырымонію адкрыцця дошкі да канца гэтага года, загадзя абвясціўшы дату, каб удзел ва ўрачыстасцях змаглі ўзяць усе жадаючыя.

Калектыўны зварот будзе накіраваны ў Мінгарвыканкам 10 кастрычніка.

100-годдзе ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі дэмакратычная грамадскасць адзначала 25 сакавіка. Упершыню за многія гады Мінгарвыканкам дазволіў правесці ў цэнтры горада, каля опернага тэатра, святочны мітынг і канцэрт. Сталічныя ўлады таксама станоўча паставіліся да ідэі ўстаноўкі памятнай дошкі ў гонар 100-годдзя БНР. Сродкі на выраб дошкі сабралі ў інтэрнэце за некалькі гадзін. Планавалася, што дошка будзе ўстаноўленая 23 сакавіка, але пасяджэнне ў Мінгарвыканкаме савета, які афіцыйна павінен быў ухваліць гэтае рашэнне, было перанесенае на няпэўны час.

30 жніўня Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) накіравала ў Мінгарвыканкам зварот з просьбай паскорыць працэс устаноўкі памятнай дошкі. Афіцыйны адказ паступіў у партыю некалькі дзён таму. У ім паведамляецца, што ў адрас гарвыканкама "паступіў шэраг зваротаў ад грамадзян Рэспублікі Беларусь і прадстаўнікоў грамадскасці з негатыўным стаўленнем да пытання ўстаноўкі памятнай дошкі па вуліцы Валадарскага, 9".

Пры гэтым у гарвыканкаме сцвярджаюць, што "пытанне аб мэтазгоднасці прыняцця рашэння па ўсталяванні памятнай дошкі знаходзіцца на разглядзе".
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН