Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/09/26/974307_12345/
Дата раздрукоўкі: 26.08.2019 05:52
26.09.2018 15:01 Эканоміка, Палітыка

Пасол РФ Бабіч: Расія павялічыць аб'ём нафтапрадуктаў, што пастаўляюцца ў Беларусь

Магілёў, 26 верасня. Аб'ём нафтапрадуктаў, які пастаўляецца для патрэб беларускай нафтахіміі, будзе павялічаны ў 2019 годзе на 10-15%, паведаміў журналістам у Магілёве 26 верасня пасол Расіі ў Беларусі Міхаіл Бабіч.
"Але справа нават не ў гэтых працэнтах, а ў тым, што мы бачым, як развіваецца нафтахімічная вытворчасць, разумеем, што для гэтага патрэбная сыравіна. І па вялікім рахунку столькі, колькі трэба будзе для спажывання ў Рэспубліцы Беларусь, столькі будзе пастаўляцца ў канчатковым выніку па выніках сумесных перамоваў", — сказаў новы пасол РФ, які наведаў сёння "Магілёўхімвалакно".

Бабіч адзначыў, што ёсць набор нафтапрадуктаў, які патрабуецца для розных галін прамысловасці Беларусі, і цяпер па гэтых нафтапрадуктах і іх аб'ёмах праходзіць завяршальная стадыя перамоваў. Гэты неабходны для беларускіх прадпрыемстваў аб'ём нафтапрадуктаў будзе пастаўляцца ў межах індыкатыўных балансаў. "Яны будуць кожны год вызначацца. Мала таго, у пагадненні будзе прадугледжаны механізм, што ў выпадку абгрунтаванага павелічэння спажывання нафтапрадуктаў яны могуць пераглядацца на працягу года", — удакладніў расійскі пасол. Ён таксама дадаў, што па так званых цёмных нафтапрадуктах перамовы пакуль ідуць.

Што тычыцца цаны на газ для Беларусі, то яна, паводле слоў Бабіча, замацаваная адпаведнымі дакументамі на 2018—2019 гады.

Нагадаем, 21 верасня ў Сочы прайшлі перамовы Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным, у якіх удзельнічалі члены ўрадаў Беларусі і Расіі. "Асноўная частка перамоў была сам-насам з прэзідэнтам. Перамовы доўжыліся шэсць гадзін, нават больш. І калі шчыра, то гэта былі нават не складаныя, а цяжкія перамовы. Але выніковыя", — заявіў Лукашэнка.

Ён паведаміў, што бакі выпрацавалі два варыянты вырашэння пытанняў з "перамытнёўкай" і пастаўкай цёмных нафтапрадуктаў. "Самае галоўнае пытанне, якое абмяркоўвалася, было звязанае з вяртаннем грашовых сродкаў ад "перамытнёўкі" сырой нафты ў беларускі бюджэт. А таксама пытанне перапрацоўкі ў Беларусі цёмных нафтапрадуктаў, да прыкладу, мазуту, які купляўся нашымі кампаніямі ў расійскіх, перапрацоўваўся, а нафтапрадукты рэалізоўваліся на беларускім і замежных рынках", — сказаў Лукашэнка.

"Гэта няпростае, складанае пытанне. Мы выпрацавалі два варыянты і дамовіліся з прэзідэнтам Расіі, што мы гэтыя два варыянты абмяркуем у Мінску. І ў Душанбэ (на палях саміту СНД, які мае адбыцца) канчаткова ўзгоднім рашэнне гэтага пытання, — дадаў беларускі кіраўнік. ‡ Але фактычна яно вырашанае. Трэба выбраць той ці іншы варыянт. Сёння мы і абмяркуем з вамі, які варыянт, паглыбіўшыся ў тыя дамоўленасці, якіх мы дасягнулі з Расіяй".

Як паведамлялася раней, па ініцыятыве расійскага боку падрыхтаванае рашэнне аб тым, што з чацвёртага квартала 2018 года РФ абмяжуе пастаўкі нафтапрадуктаў і гатовая пастаўляць іх выключна для задавальнення ўнутраных патрэбаў Беларусі. Акрамя таго, праект міждзяржаўнага рашэння прадугледжвае, што па патрабаванні расійскіх уладаў беларускія прадпрыемствы і дзяржаўныя органы павінны будуць абгрунтоўваць гэтыя ўнутраныя патрэбы.

Кіраўнік Міністэрства энергетыкі Расіі Аляксандр Новак 3 верасня заяўляў, што пастаўкі расійскіх нафтапрадуктаў у Беларусь эканамічна немэтазгодныя. У сваю чаргу віцэ-прэм'ер Беларусі Ігар Ляшэнка, каментуючы заяву расійскага міністра, падкрэсліў, што беларускі бок настойвае на захаванні паставак расійскіх нафтапрадуктаў у Беларусь.
Уладзімір Лапцэвіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН