Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/10/01/974912_123456/
Дата раздрукоўкі: 23.08.2019 11:51
01.10.2018 14:45 Палітыка, Грамадства

Камітэт ААН па правах чалавека абмяркуе сітуацыю ў Беларусі

Мінск, 1 кастрычніка. Камітэт па правах чалавека (КПЧ) ААН абмяркуе 8—9 кастрычніка сітуацыю ў Беларусі, паведаміў намеснік старшыні закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" Валянцін Стэфановіч 1 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Мінску. Камітэту будуць прадстаўлены афіцыйны 5-ы перыядычны даклад Беларусі аб выкананні сваіх абавязацельстваў па Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама альтэрнатыўны даклад, падрыхтаваны праваабарончай супольнасцю.
Каардынатар юрыдычных праграм Беларускага Хельсінкскага камітэта Зміцер Чарных адзначыў, што апошняя справаздача ўрада Беларусі аб выкананні Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах падавалася 20 гадоў таму. "Працу над альтэрнатыўнай справаздачай мы пачалі ў 2015 годзе, калі стала вядома, што Беларусь пагадзілася на спрошчаную працэдуру справаздачы, калі КПЧ задае пытанні, а ўрад адказвае, — сказаў ён. — Беларускія праваабаронцы тады таксама падрыхтавалі для КПЧ прапановы аб тым, якія павінны быць пытанні ўраду".

На пытанне, чаму, на яго думку, улады Беларусі вырашылі падрыхтаваць даклад менавіта цяпер, праз 20 гадоў, Чарных адказаў: "Некалькі гадоў таму МЗС узяло такі трэнд на ўзбраенне — даць справаздачу па ўсіх назапашаных даўгах. І Беларусь выканала абавязацельствы па даванні ўсіх справаздач розным працэдурам ААН. МЗС гэта пазіцыянуе як поспех у сферы правоў чалавека".

Альтэрнатыўны даклад, які падрыхтавалі 12 праваабарончых арганізацый, прадстаўлены ў выглядзе інфармацыі аб фактычным становішчы грамадзянскіх і палітычных правоў у краіне і ўвязаны з пытаннямі КПЧ беларускаму ўраду. Па кожным раздзеле праваабаронцамі прапанаваны канкрэтныя рэкамендацыі па паляпшэнню сітуацыі.

У прыватнасці, дырэктар Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend Вольга Смалянка зазначыла, што вялікі блок справаздачы прысвечаны пытанню свабоды асацыяцый. "Гэта важная тэма, бо сітуацыя ў гэтай галіне не вельмі добрая, — патлумачыла яна. — У большасці заключэнняў і рэкамендацый па Беларусі розных органаў ААН заўсёды ёсць пытанні, якія тычацца свабоды асацыяцыяў. Але ў самой Беларусі гэта пытанне амаль не абмяркоўваецца".

Сярод праблем, якія існуюць у гэтай галіне, Смалянка назвала складаную працэдуру рэгістрацыі няўрадавых арганізацый, забарону на дзейнасць незарэгістраваных арганізацый, праблемы з фінансаваннем.

Дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі, у сваю чаргу, звярнуў увагу на праблему з дыскрымінацыяй розных груп людзей. "У Канстытуцыі напісана, што дыскрымінацыя забаронена, і чыноўнікі лічаць, што яе няма, — сказаў Драздоўскі. — Насамрэч квітнеюць розныя віды дыскрымінацыі уразлівых груп, укараняюцца новыя заканадаўчыя акты, якія ўтрымліваюць у сабе дыскрымінацыйныя нормы. У справаздачы мы ўказалі на адсутнасць рэальных крокаў з боку ўрада па вырашэнні праблемы дыскрымінацыі".

Валянцін Стэфановіч паведаміў, што ў альтэрнатыўным дакладзе таксама закранаецца тэма прымянення смяротнага пакарання ў Беларусі. "З 1999 года назіраецца тэндэнцыя па зніжэнні колькасці смяротных прыгавораў, але смяротнае пакаранне ў Беларусі ўсё роўна працягваюць прымяняць", — сказаў ён.

Сярод праблем, звязаных з прымяненнем смяротнай кары, Стэфановіч назваў вынясенне смяротных прыгавораў адразу Вярхоўным судом, што пазбаўляе асуджанага магчымасцяў па абскарджанні і абароне, ігнараванне Беларуссю запытаў КПЧ аб невыкананні прыгавораў, пакуль разглядаецца скарга камітэтам, а таксама непразрыстасць працы камісіі па памілаванні пры прэзідэнце Беларусі.

Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў юрыст Алег Агееў назваў "вельмі складанай" сітуацыю са свабодай СМІ ў Беларусі. "Беларускія ўлады вельмі неахвотна ідуць на выпраўленне сітуацыі са свабодай слова ў краіне, — сказаў ён. — Паляпшэннем сітуацыі ўлады лічаць, напрыклад, памяншэнне папярэджанняў СМІ з боку Мінінфарма або правядзенне Кангрэса рускай прэсы".

Сярод існуючых праблем Агееў назваў складанасці з доступам да інфармацыі, у тым ліку аб дзейнасці дзяржорганаў, занадта шырокія паўнамоцтвы Мінінфарма, забарону на распаўсюджванне інфармацыі ад імя незарэгістраваных арганізацый, адсутнасць у беларускім заканадаўстве дадатковых гарантый для журналістаў. "Гэтыя гарантыі дазволілі б палепшыць умовы працы журналістаў з пункту гледжання такога паняцця, як грамадскі інтарэс", — растлумачыў Агееў.

Ён таксама адзначыў, што інстытут акрэдытацыі выкарыстоўваецца ў Беларусі як спосаб абмежаваць удзел журналістаў у мерапрыемствах і закрыць доступ да значнай інфармацыі.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН