Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/10/05/975692_774411/
Дата раздрукоўкі: 21.09.2020 02:52
05.10.2018 17:02 Грамадства

Лукашэнка назваў канцэпцыю законапраекта супраць дамашняга гвалту "дурасцю, узятай з Захаду"

Мінск, 5 кастрычніка. Аляксандр Лукашэнка падчас размовы з журналістамі ў Івацэвіцкім раёне (Брэсцкая вобласць) 5 кастрычніка раскрытыкаваў канцэпцыю законапраекта аб супрацьдзеянні дамашняму гвалту.
"Усё гэта дурасць, узятая перш за ўсё з Захаду. Вы можаце не перажываць, і народ хай не хвалюецца — мы будзем зыходзіць выключна з уласных інтарэсаў, нашых беларускіх, славянскіх традыцый і нашага жыццёвага вопыту", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

"Недзе нехта бразнуў — аб супрацьдзеянні гвалту ў сям'і. Гэта зараз модная фармулёўка на Захадзе. У іх хутка сем'яў не будзе: мужык на мужыку жэніцца або замуж выходзіць. Дзяцей няма каму нараджаць. А мы ў іх запазычваем нейкія нормы паводзін у сям'і", — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка нагадаў, што канцэпцыю законапраекта распрацоўвала МУС. На думку кіраўніка дзяржавы, гэтым дакументам павінны займацца іншыя структуры: найперш прадстаўнікі органаў улады на месцах, грамадскія арганізацыі, урад, Адміністрацыя прэзідэнта.

Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што не прыхільнік таго, каб караць дзяцей. "Трэба зыходзіць з той сітуацыі, якая ў нас складваецца. Добры рэмень часам таксама карысны для дзіцяці. Не для ўсіх, вядома. Віктар, як старэйшы, часта атрымліваў ад мяне. Сярэдні, Дзіма, ужо бачыў, як Віцю трапляла, і роўненька стаяў побач. Малодшага, яму 15-ты год, я наогул ніколі не караў: ён гэтага не заслугоўваў", — сказаў афіцыйны лідар.

"Гэта наша традыцыя, наша жыццё, і мы будзем выхоўваць так, як трэба. Пажаданні міліцыі мы ўлічым. Магчыма, нават не законам, а абыдземся унясеннем зменаў у існыя законапраекты. У нас ёсць адпаведная дырэктыва прэзідэнта, якая тычыцца гэтых праблем, — падкрэсліў Лукашэнка. — А таму, што людзі гэта абмяркоўваюць і іх абураюць некаторыя глупствы ў праекце закона, я рады. Абвастраючы гэтую праблему, яны звяртаюць на яе маю ўвагу. Таму будзе так, як трэба і выгадна нам, зыходзячы з нашых традыцый і досведу".

Міністэрства ўнутраных спраў вынесла канцэпцыю праекта закона "Аб супрацьдзеянні дамашняму гвалту" на грамадскае абмеркаванне ў ліпені. У кастрычніку дакумент планавалі падаць кіраўніку дзяржавы.

У праекце прапанаваныя меры прафілактыкі і спынення гвалту не толькі ў сям'і, але і з боку былых мужа і жонкі або пар, якія калі-небудзь жылі разам і вялі агульную дамашнюю гаспадарку. Канцэпцыя распрацаваная на падставе практыкі прымянення дзейных нарматыўных прававых актаў, навуковых даследаванняў, а таксама найлепшых метадаў процідзеяння дамашняму гвалту, лічаць у МУС. Яе асноўнай мэтай з'яўляецца абарона правоў грамадзян, якія зведваюць дамашні гвалт.

У канцэпцыі сфармуляваныя паняцці ў сферы прававога рэгулявання працы па супрацьдзеянні дамашняму гвалту і прынцыпы ажыццяўлення гэтай дзейнасці. Адзін з прынцыпаў — падтрымка сям'і "як фундаментальнага сацыяльнага інстытута грамадства і ўмацаванне традыцыйных каштоўнасцяў". Акрамя таго, у дакуменце выкладзеныя магчымыя паўнамоцтвы і парадак узаемадзеяння органаў, якія адказваюць за супрацьдзеянне дамашняму гвалту, а таксама спецыяльныя меры па аказанні дапамогі пацярпелым і спосабы прэвентыўнага ўздзеяння ў дачыненні да бытавых агрэсараў.

Супраць прыняцця праекта выступілі шэраг царкоўных і кансерватыўных грамадскіх арганізацый. Так, старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у чэрвені накіраваў на адрас Лукашэнкі ліст з крытыкай ідэі аб прыняцці закона.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239