Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/10/08/975919_975920/
Дата раздрукоўкі: 16.12.2018 04:11
08.10.2018 13:18 Палітыка

Экс-прэзідэнт Украіны Юшчанка: Двухбаковыя адносіны з Беларуссю заўсёды былі ідэальнымі

Мінск, 8 кастрычніка. Беларуска-ўкраінскія адносіны заўсёды былі ідэальнымі і на палітычным узроўні, і на народным, заявіў былы прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 8 кастрычніка ў Мінску.

"Мы заўсёды знаходзілі неабходнае паразуменне ў самых складаных пытаннях, — цытуе Юшчанку прэс-службы прэзідэнта. — Цяпер тое, што адбываецца не толькі ва Украіне, я згодны, — гэта вялікае выпрабаванне, гэта вялікая праблема для ўладкавання і нашага жыцця як нацыі, краіны, і суседзяў, і Еўропы".

Паводле слоў Юшчанкі, з аднаго боку, ва Украіне людзі сталі больш кансалідаванымі, чым, напрыклад, 5—10 гадоў таму. "Мы працягнулі адзін аднаму руку больш, чым калі-небудзь, больш стала адзінства", — сказаў ён.

З іншага боку, Юшчанка ўказаў на складанасць тэрытарыяльнага пытання, падкрэсліўшы, што простага аднакампанентнага рашэння не можа быць знойдзена. "Відавочна, гаворка ідзе пра доўгатэрміновы працэс", — сказаў ён.

Экс-прэзідэнт адзначыў, што на фоне ўсіх падзей, якія адбываюцца, унутрыпалітычнае жыццё ва Украіне складанае, таму што ёсць шмат бакоў, якія хочуць нешта ўзяць з кантэксту і на гэтым рабіць палітыку. На думку Юшчанкі, па гэтай прычыне на прэзідэнцкіх выбарах, якія маюць адбыцца ва Украіне, можа быць самая вялікая колькасць кандыдатаў у гісторыі краіны. Вострая ўнутрыпалітычная дыскусія часта не працуе на стабілізацыю, але ўкраінскі народ праходзіць вельмі важную нацыянальную школу, дадаў палітык.

У пасольстве Украіны ў Беларусі мэту візіту Юшчанкі ў Мінск БелаПАН удакладніць не змаглі.

Тым часам ёсць меркаванне, што Юшчанка можа стаць новым прадстаўніком Украіны ў трохбаковай кантактнай групе па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе. Леанід Кучма, які ўзначальваў украінскі бок на перамовах, 2 кастрычніка на чарговым пасяджэнні кантактнай групы ў Мінску заявіў аб завяршэнні сваёй місіі.

3 кастрычніка ў каментары ТАСС першы прэзідэнт Украіны Леанід Краўчук выказаў меркаванне, што змяніць Кучму на гэтай пасадзе можа Юшчанка. "Я згодны з Леанідам Кучмам, што трэба даць дарогу маладым, — сказаў Краўчук. — Ёсць такія людзі, якія маюць вялікі дыпламатычны вопыт, — гэта былыя міністры замежных спраў, прэм`еры, маладыя былыя прэзідэнты, а малады ў параўнанні з намі — Віктар Юшчанка".

Пры гэтым Краўчук выключыў магчымасць свайго ўдзелу ў кантактнай групе, бо лічыць мінскі працэс "неэфектыўным" і такім, які "не прынясе поспеху Украіне". "Складанасць праблемы не ў тым, каб знайсці чалавека, а ў тым, каб знайсці такі фармат, які прынясе поспех", — сказаў ён, дадаўшы, што гэты фармат павінен быць "пры ўдзеле ЗША і іншых краін шырокай кааліцыі".

У Кіеве заявілі, што новы прадстаўнік Украіны ў кантактнай групе будзе прызначаны да наступнай сустрэчы ў Мінску, якая запланаваная на 16 кастрычніка. Першы віцэ-спікер Вярхоўнай рады Ірына Герашчанка, якая ўдзельнічае ў перамовах па Данбасе ў складзе гуманітарнай падгрупы, заявіла, што ў яе ёсць інфармацыя аб магчымым пераемніку Кучмы, але пры гэтым адмовілася яго называць. Паводле яе слоў, гэта — прэрагатыва прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН