Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/10/09/976066_12345/
Дата раздрукоўкі: 26.02.2020 00:32
09.10.2018 11:37 Палітыка, Грамадства

Пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН у Жэневе: Беларусь не гатовая да адмены смяротнага пакарання

Мінск, 9 кастрычніка. Беларусь пакуль не гатовая ратыфікаваць Другі факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, заявіў пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН у Жэневе Юрый Амбразевіч 9 кастрычніка на пасяджэнні Камітэта ААН па правах чалавека.
Прамая трансляцыя з пасяджэння вядзецца на сайце ААН.

Другі факультатыўны пратакол да МПГПП накіраваны на адмену смяротнага пакарання.

Амбразевіч адзначыў, што ў рамках Універсальнай перыядычнай справаздачы ААН Беларусі было рэкамендавана ратыфікаваць Другі факультатыўны пратакол. "Мы гэтыя рэкамендацыі прынялі да ведама, але Беларусь пакуль да гэтага не гатовая, — сказаў Амбразевіч. — Гэта звязана з грамадскай думкай у нашай краіне па пытанні аб прымяненні смяротнай кары".

"Аднак мы не адхілілі гэтыя рэкамендацыі. Мы пакінулі магчымасць іх разгляду і далучэння да пратакола ў перспектыве ў разліку на тое, што грамадская думка будзе мяняцца", — дадаў пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН у Жэневе.

Паводле слоў Амбразевіча, апытанні грамадскай думкі паказваюць, што прыхільнікаў захавання смяротнага пакарання ў Беларусі ўсё яшчэ больш, чым тых, хто выступае за адмену гэтага віду пакарання.

8—9 кастрычніка на 124-й сесіі Камітэта ААН па правах чалавека (КПЧ) Беларусь упершыню за апошнія 20 гадоў прадставіла справаздачу аб выкананні Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Акрамя афіцыйнай дэлегацыі ў слуханнях удзельнічаюць беларускія праваабаронцы, якія падрыхтавалі альтэрнатыўны даклад аб выкананні краінай пакта. У першай палове дня 8 кастрычніка яны прадставілі КПЧ свой даклад.

Беларусь застаецца адзінай еўрапейскай краінай, якая ўжывае смяротнае пакаранне. За апошнія 20 гадоў у краіне было расстраляна больш за 400 асуджаных да вышэйшай меры пакарання. Толькі адзін з асуджаных памілаваны прэзідэнтам. Еўрапейскія структуры і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі неаднаразова заклікалі ўлады Беларусі да адмены смяротнага пакарання. Адмена смяротнага пакарання з`яўляецца адной з найважнейшых умоў для членства краіны ў Савеце Еўропы.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН