Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/10/10/976264_12345/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2018 00:28
10.10.2018 13:31 Палітыка

Лукашэнка разлічвае на росквіт беларуска-расійскіх адносінаў пры новым пасле РФ Бабічу

Мінск, 10 кастрычніка. Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што час працы Міхаіла Бабіча на пасадзе пасла Расіі ў Беларусі стане перыядам росквіту двухбаковых адносін. Пра гэта ён заявіў 10 кастрычніка на сустрэчы з расійскім дыпламатам, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.
Лукашэнка адзначыў, што звычайна на такіх сустрэчах кажуць нешта важнае ці пратакольнае. "Але, напэўна, было б смешна, калі б я абмежаваўся нейкай пратакольнай заявай або выказваннем", — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што да прызначэння Міхаіла Бабіча на пасаду пасла былі розныя развагі на гэты конт, публікацыі ў СМІ. "Напэўна, рэагуючы на тое, што сказана і напісана... Сказаць, што там няма праўды нейкай долі, будзе несумленна. Калі сказаць, што там ёсць праўда, таксама будзе несумленна. Кожная група людзей, якія цікавяцца беларуска-расійскімі адносінамі, спрабавала праецыраваць праз асобу пасла... Тым больш вы ведаеце, што вельмі доўга працаваў ранейшы пасол, тэма не была актуалізаваная ў Беларусі. А тут прызначэнне новага пасла. І ў сілу нашых адносін з Расійскай Федэрацыяй праз асобу вашу спрабавала (тая ці іншая група людзей) нешта выказаць", — зазначыў Лукашэнка.

"Скажу шчыра, што больш было негатыву, — дадаў ён. — Дык вось самае галоўнае, што я хацеў сказаць публічна: не дачакаюцца! І, шчыра скажу, я хацеў бы, каб ваш перыяд працы ў пасольстве нашай братняй Расіі ў Беларусі быў самым актыўным, эфектыўным і прарыўным. Калі вы на гэта настроеныя — а ў мяне менавіта такое ўражанне, што вы настроеныя менавіта на такую працу — лічыце, што ў нас так і атрымаецца. Гэта будзе перыяд самага яркага росквіту нашых адносін з Расійскай Федэрацыяй", — заявіў Лукашэнка.

Ён растлумачыў, што яго ўпэўненасць у гэтым вынікае з размовы з Уладзімірам Пуціным. "Я гэтага не хаваю — мы абмяркоўвалі, прытым неаднаразова, вашу кандыдатуру. Прэзідэнт вельмі шмат мне расказваў. І мы вельмі цвёрда дамовіліся, што, надзяляючы пасла Расіі дадатковымі паўнамоцтвамі (а яны вельмі маштабныя, у беларуска-расійскіх адносінах, перш за ўсё ў сферы эканомікі, чаго раней не бывала), прэзідэнт Расіі звяртае ўвагу ўсіх, што Беларусь — гэта найважнейшая сёння краіна, з якой Расія будзе выбудоўваць адносіны", — сказаў Лукашэнка.

Міхаіл Бабіч прыбыў у Мінск месяц таму. Папярэдні пасол РФ у Беларусі, 77-гадовы Аляксандр Сурыкаў, прапрацаваў на гэтай пасадзе 12 гадоў. Указ аб прызначэнні Бабіча паслом у Мінску Пуцін падпісаў 24 жніўня. Адначасова быў падпісаны ўказ аб прызначэнні Бабіча спецпрадстаўніком прэзідэнта РФ па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю.

Як адзначалі эксперты, сумяшчэнне пасады пасла ў іншай дзяржаве з пасадай спецпрадстаўніка прэзідэнта — досыць рэдкі выпадак у расійскай дыпламатычнай практыцы. Пасада спецпрадстаўніка прэзідэнта дае паслу дадатковыя рычагі ўплыву: акрамя традыцыйнай дыпламатычнай працы па лініі МЗС ён можа па сваім кірунку ставіць задачы расійскім органам выканаўчай улады, збіраць нарады з удзелам чыноўнікаў урада.

Да гэтых прызначэнняў Бабіч займаў пасаду паўнамоцнага прадстаўніка прэзідэнта РФ у Прыволжскай федэральнай акрузе. Новы пасол — кандыдат эканамічных навук, член праўладнай партыі "Адзіная Расія". З лістапада 2002 года па люты 2003-га быў старшынёй урада Чачэнскай Рэспублікі.

У ліпені 2016 года разглядалася пытанне аб прызначэнні Бабіча на пасаду пасла Расіі ва Украіне, але яго кандыдатуру не зацвердзіла ўкраінскае МЗС. Адна з прычын адмовы была ў тым, што, будучы членам Савета бяспекі РФ, Бабіч у 2014 годзе браў удзел у вынясенні рашэння аб уводзе ў Крым расійскіх вайскоўцаў.

Акрамя таго, украінскія палітолагі адзначалі, што Міхаіл Бабіч "раней быў ваенным дэсантнікам, падчас чачэнскай вайны кіраваў урадам рэспублікі, працаваў у ФСБ". Эксперты ў Кіеве заяўлялі, што "Бабіч, біяграфія якога звязаная з савецкім КДБ і расійскай ФСБ, з'яўляецца "прафесійным дыверсантам" і "класічным кандыдатам Крамля для ўзаемадзеяння з сепаратыстамі ў Данбасе для арганізацыі сілавых аперацый".
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН