Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/10/10/976307_976308/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2018 13:42
10.10.2018 16:14 Палітыка

Лукашэнка новаму паслу РФ: Непарушнае адно — мы суверэнная і незалежная краіна

Мінск, 10 кастрычніка. Непарушнасць суверэнітэту Беларусі падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з новым паслом Расіі Міхаілам Бабічам 10 кастрычніка ў Мінску, паведаміла прэс-служба прэзідэнта.
Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, нядаўна, рэагуючы на выказванні і паводзіны расійскіх уладаў, ён казаў, што Расея баіцца і не хоча страціць Беларусь.

"І я б гэтак жа, будучы ў кіраўніцтве Расіі, сябе паводзіў і перажываў за Беларусь — з кім яна будзе. Ці яна паверне на Захад, як некаторыя пісакі, асабліва ў Расіі, гэта абмяркоўваюць. І нашы, як я кажу, "плявузгают" тут пастаянна. Ці яна будзе разам са сваёй брацкай Расіяй", — сказаў Лукашэнка.

"Вы ведаеце, прама скажу: мне паварочваць туды-сюды, напэўна, не да месца. Мне — прэзідэнту, які ўжо адзін раз павярнуў ад заўзятага нацыяналізму і іншых антырасійскіх пытанняў, правёўшы рэферэндум у Беларусі, калі народ вызначаўся. І за саюз Беларусі і Расіі прагаласавала не проста большасць, а пераважная большасць нашага насельніцтва", — нагадаў ён.

Лукашэнка падкрэсліў, што народ Беларусі па-ранейшаму бачыць у Расіі блізкага саюзніка. "Краіну і народы Расіі, якія заўсёды прыйдуць на дапамогу пры неабходнасці. Тым жа мы будзем адказваць і Расійскай Федэрацыі", — запэўніў ён.

"Непарушнае адно — і вы гэта ведаеце — мы суверэнная і незалежная краіна. Калі ўжо шчыра казаць, не толькі дзякуючы памкненням нашага народа мы сталі суверэннай і незалежнай дзяржавай, гэтага хацела Расія і тагачаснае кіраўніцтва Расіі. Цяперашняе кіраўніцтва заяўляла пра пераемнасць курсу. У XXI стагоддзі казаць (як яны пішуць там) пра інкарпарацыю, уключэнне Беларусі ў склад Расіі, проста смешна. І я ні разу ад цяперашняга прэзідэнта Расіі гэтага не чуў, і мінулага, першага прэзідэнта Расіі", — сказаў Лукашэнка.

"Думаю, мы выбудуем нармальныя адносіны. Але я хачу, каб вы пра гэта пачулі з маіх вуснаў публічна, як я бачу нашы адносіны з Расійскай Федэрацыяй. Я б вельмі хацеў, каб перыяд Міхаіла Віктаравіча (Бабіча) на зло ўсім зласліўцам, якія выказвалі сваю пазіцыю, мы зрабілі такім, якім бы ганарыліся і мае, і вашы дзеці", — дадаў ён.

У сваю чаргу Міхаіл Бабіч адзначыў, што за пакуль невялікі перыяд працы ў Беларусі ў яго склалася адчуванне, што ён знаходзіцца тут досыць даўно. "Таму што з першых дзён адчуў і ўвагу, і жаданне ўсіх калегаў зрабіць так, каб перыяд уваходжання ў сітуацыю быў як мага больш кароткім і эфектыўным", — сказаў ён.

"Эфектыўнасць — гэта тое, які тэмп вы з Уладзімірам Уладзіміравічам (Пуціным. — БелаПАН.) задалі нам. Таму што частата, глыбіня і сістэмнасць вашых сустрэч, нават за апошнія паўтара месяца, не дае нам расслабляцца. Гэты тэмп мы стараемся напоўніць рэальным зместам", — заявіў Бабіч.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН