Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/10/11/976420_12345/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2018 00:24
11.10.2018 13:49 Палітыка, Грамадства

Пасля 270 сутак знаходжання ў штрафным ізалятары ў палітзняволенага Міхаіла Жамчужнага моцна пагоршыўся зрок

Мінск, 11 кастрычніка. Палітвязень Міхаіл Жамчужны, які адбывае пакаранне ў калоніі № 9 у Горках (Магілёўская вобласць), плануе абскардзіць сваё доўгае знаходжанне ў штрафным ізалятары, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Паводле падлікаў зняволенага, за каляндарны год, з 1 кастрычніка 2017 года па кастрычнік цяперашняга, ён адбыў у ШІЗА 270 сутак. З 20 верасня Жамчужнага на месяц змясцілі ў памяшканне камернага тыпу. З-за доўгага знаходжання ў закрытым памяшканні, адсутнасці прагулак і дзённага святла ў Жамчужнага значна пагоршыўся зрок. Вяртаючыся з прагулак, ён практычна не бачыць.

Акрамя таго, паводле інфармацыі праваабаронцаў, далёка не ўсе лісты Жамчужнага даходзяць да адрасатаў. Стала вядома, што былі знішчаныя 5 з 10 лістоў, напісаных ім апошнім часам, паводле афіцыйнай версіі — "за прычыненне шкоды ахоўваным законам правам дзяржорганаў, грамадскіх аб'яднанняў і асобных грамадзян", а таксама з прычыны "скарачэнняў у тэксце і ўмоўных пазначэнняў". Пад такое азначэнне патрапілі лісты, адрасаваныя грамадскім актывістам Мікалаю Дзядку і Вользе Нікалайчык, юрысту Міхаілу Пастухову.

Ёсць праблемы і з атрыманнем лістоў у адрас Жамчужнага. Напрыклад, заказныя лісты, датаваныя ліпенем, зняволены атрымаў толькі 25 верасня. Такое спазненне з атрыманнем карэспандэнцыі супрацоўнікі адміністрацыі калоніі тлумачаць тым, што Жамчужны доўгі час знаходзіўся ў ШІЗА.

Міхаіл Жамчужны — былы дацэнт Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, кандыдат тэхнічных навук, аўтар некалькіх навуковых манаграфій і распрацовак, вынаходнік. Жамчужны перадаваў звесткі пра ўтрыманне зняволеных у месцах пазбаўлення волі праваабарончай арганізацыі "Платформа".

Быў затрыманы ў 2014 годзе. У ліпені 2015 года Віцебскі абласны суд прызнаў яго вінаватым у падбухторванні да наўмыснага раскрыцця звестак, якія ўяўляюць службовую тайну, незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, і дачы хабару. Праваабаронцу прыгаварылі да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда, разгледзеўшы ў кастрычніку таго ж года касацыйную скаргу на прысуд, прызначыла яму больш строгае пакаранне — шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Беларускія праваабаронцы лічаць Жамчужнага палітвязням. 17 ліпеня гэтага года яны накіравалі ў Адміністрацыю прэзідэнта зварот з просьбай памілаваць Міхаіла Жамчужнага. 1 жніўня ім прыйшоў адказ, у якім сказана, што прашэнне будзе разгледжанае, калі зняволены падасць яго асабіста.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН