Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/10/12/976555_12345/
Дата раздрукоўкі: 11.05.2021 10:19
12.10.2018 12:57 Эканоміка

ПАСЕ заклікала Дзяржатамнагляд Беларусі не выдаваць ліцэнзію БелАЭС да паляпшэння сістэм бяспекі станцыі

Мінск, 12 кастрычніка. Парламенцкая Асамблея Савета Еўропы заклікала нацыянальны ядзерны рэгулятар Беларусі — дэпартамент па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС (Дзяржатамнагляд) — не выдаваць ліцэнзію на эксплуатацыю Беларускай АЭС да паляпшэння сістэм бяспекі станцыі. Пра гэта сярод іншага гаворыцца ў рэзалюцыі аб ядзернай бяспецы ў Еўропе, прынятай на 34-й сесіі ПАСЕ ў Страсбургу.

У дакуменце, апублікаваным на сайце ПАСЕ, гаворыцца, што асамблея настойліва заклікае дзяржавы, якія будуюць АЭС, забяспечыць павышэнне патрабаванняў бяспекі да сваіх станцый, "у поўнай меры прыняўшы да ўвагі асаблівасці праекта, прынцыпы працы, рэгулюючыя меры, а таксама знешнія механізмы абароны і планы па забеспячэнні гатоўнасці да надзвычайных сітуацый".

Згадваючы будаўніцтва Беларускай АЭС, члены ПАСЕ спаслаліся на рэзалюцыю 2172 ад 2017 года, у якой выказваецца шкадаванне ў сувязі з адсутнасцю павагі ў Беларусі да міжнародных стандартаў ядзернай бяспекі і сур'ёзнымі інцыдэнтамі, якія адбыліся на будпляцоўцы станцыі.

Асамблея заклікала Дзяржатамнагляд не выдаваць ліцэнзію на эксплуатацыю БелАЭС да выканання шэрагу ўмоваў, у прыватнасці, да таго часу, пакуль у поўнай меры не будуць рэалізаваныя рэкамендацыі экспертаў Еўрапейскай групы па бяспецы ядзерных рэактараў; не будзе забяспечаная сейсмічная ўстойлівасць сістэм бяспекі і басейна адпрацаванага паліва АЭС; не будзе ўзмоцненая абарона рэактараў ад падзення цяжкіх самалётаў.

Члены ПАСЕ таксама лічаць, што да выдачы ліцэнзіі БелАЭС павінны быць палепшаныя механізмы абвесткі прылеглых раёнаў і краін аб інцыдэнтах. З суседнімі дзяржавамі, у прыватнасці Літвой, павінна быць заключанае пагадненне аб дзеяннях у выпадку надзвычайных здарэнняў.

Акрамя таго, абавязковай умовай для дазволу працы станцыі павінна стаць поўнафарматная місія МАГАТЭ па ацэнцы пляцоўкі і дызайну АЭС з улікам знешніх уздзеянняў (SEED-місія), а таксама поўнае завяршэнне ацэнкі Астравецкай пляцоўкі на адпаведнасць міжнародным патрабаванням.

Беларуская АЭС узводзіцца пад Астраўцом (Гродзенская вобласць) за кошт крэдыту Расіі па тыпавым расійскім праекце ВВЭР-1200. Крэдытная лінія да 10 млрд долараў на будаўніцтва станцыі адкрытая да 2035 года. Пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў лістападзе 2018 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на снежань 2019 года, другога — на ліпень 2020-га.

Найбольш актыўным крытыкам будаўніцтва АЭС у Беларусі з'яўляецца Літва. Згодна з афіцыйнай пазіцыяй Вільнюса, работы па ўзвядзенні атамнай станцыі вядуцца без выканання патрабаванняў бяспекі і экалагічных стандартаў. Мінск гэтыя прэтэнзіі адхіляе.

15 чэрвеня 2017 года літоўскі сойм прыняў закон аб прызнанні таго, што БелАЭС, якая будуецца, небяспечная і ўяўляе пагрозу для літоўскай нацыянальнай бяспекі, навакольнага асяроддзя і грамадскага здароўя. Раней парламент Літвы прыняў закон, закліканы абмежаваць імпарт электраэнергіі з Беларусі і Расіі.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239