Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/10/15/976786_775236/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 15:36
15.10.2018 10:46 Грамадства, Палітыка

Лукашэнка: Наша царква вельмі часта ў гісторыі станавілася закладніцай міждзяржаўных адносін (дапоўнена)

Мінск, 15 кастрычніка. Пра важнасць адзінства царквы заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам (Гундзяевым) 15 кастрычніка ў Мінску.

"На жаль, наша царква вельмі часта ў гісторыі станавілася закладніцай міждзяржаўных адносін. Часам нашых няправільных учынкаў, — прыводзіць словы Лукашэнкі прэс-служба прэзідэнта. — Вы павінны ведаць нашу непахісную дзяржаўную пазіцыю, што раскол — гэта заўсёды дрэнна. І гэта дрэнныя наступствы. Наступствы найбольш небяспечныя. Таму мы вельмі балюча ставімся да таго, што адбываецца сёння ў праваслаўі".

Лукашэнка падкрэсліў, што сучасны свет змяніўся. "Мала таго, што паскорыўся, ён змяніўся не ў найлепшы бок. І закладнікі ўжо ўсё насельніцтва нашай планеты. Гэта перш за ўсё дрэнны настрой. А настрой — гэта заўсёды было адказнасцю царквы. Таму гэта б`е перш за ўсё па царкве, па яе служыцелям", — лічыць афіцыйны лідар.

Ён адзначыў, што Беларусь — родная зямля для абодвух суразмоўцаў. "Заўсёды напярэдадні нашых сустрэч я ўспамінаю ваш перыяд служэння ў царкве да патрыяршага сану. У нас у Беларусі заўсёды былі вельмі цёплыя ўспаміны. І я вам казаў, у мяне ў памяці засталося ваша перасоўванне са Смаленска ў Калінінград, і абавязкова цераз нашу Беларусь. Напэўна, з таго часу вы закахаліся ў гэтую не чужую для вас зямлю", — сказаў Лукашэнка.

Беларускі кіраўнік пажадаў патрыярху Кірылу мудрасці і цярпення. "Мы як прыхаджане будзем старацца падтрымліваць яднанне ўсіх працэсаў, каб захаваць мір на зямлі. Ужо занадта блізка мы падышлі да небяспечнай рысы", — заявіў ён.

Кірыл прыбыў у Мінск 13 кастрычніка з трохдзённым візітам на беларускім ўрадавым самалёце. 15 кастрычніка ён возьме ўдзел у пасяджэнні Сінода РПЦ, які мае намер раскрытыкаваць Канстанцінопальскі патрыярхат за рашэнне пачаць працэдуру давання аўтакефаліі Украінскай праваслаўнай царкве.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН