Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/10/19/eu_977487_880022/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 21:40
19.10.2018 11:42 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

У сустрэчы асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы ў Мінску возьмуць удзел Лукашэнка, еўракамісар Хан і генеральны сакратар АБСЕ Грэмінгер

Мінск, 19 кастрычніка. У сустрэчы асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы (МКБ), якая пройдзе 30 кастрычніка — 1 лістапада ў Мінску, возьме ўдзел Аляксандр Лукашэнка, паведамляюць арганізатары на сайце канферэнцыі.

"Пасяджэнне асноўнай групы МКБ арганізаванае ў партнёрстве з урадам Беларусі і з'яўляецца нейтральнай платформай для абмену думкамі па палітычных пытаннях", — адзначаецца ў паведамленні.

Плануецца, што ў мерапрыемстве таксама возьмуць удзел прэм'ер-міністр Балгарыі Бойка Барысаў, прэзідэнт Арменіі Армен Саркісян і прэм'ер-міністр Малдовы Павел Філіп. Удзельнікамі дыскусіі стануць міністры замежных спраў Македоніі, Манголіі, Польшчы і Славакіі, генеральны сакратар АБСЕ Томас Грэмінгер, камісар ЕС па перамовах аб добрасуседстве і пашырэнні Ёханес Хан, генеральны сакратар НАТА па камунікацыях і бяспецы Арнд Фрэйхер Фрэйтаг фон Ларынгховен, выканаўчы сакратар Арганізацыі Дагавора аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў Ласіна Зербо.

"Пасяджэнне асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы з'яўляецца нейтральнай платформай для абмену думкамі па палітычных пытаннях. Мерапрыемства аб'ядноўвае выбітных, высокапастаўленых удзельнікаў з усіх бакоў у важны момант, каб спрыяць канструктыўнаму дыялогу і зрабіць магчымы ўнёсак у адраджэнне тупіковых перагаворных працэсаў", — гаворыцца ў прэс-релизе.

Асноўнымі тэмамі стануць перспектывы мінскага працэсу па ўрэгуляванні канфлікту на ўсходзе Украіны, будучыня адносін паміж Усходам і Захадам, заканчэнне тэрміну дзеяння пагадненняў аб кантролі над звычайнымі і ядзернымі ўзбраеннямі ў Еўраатлантычным рэгіёне. Акрамя таго, будуць абмяркоўвацца рэгіянальныя канфлікты і ўстойлівасць эканомікі Усходняй Еўропы.

"Адносіны паміж Усходам і Захадам — гэта страта ўзаемнага даверу, чаго не існавала з часоў "халоднай вайны", таму Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы не выбрала б лепшага месца для арганізацыі сустрэчы сёлета. У Мінска доўгая гісторыя як месца для міжнародных намаганняў па вырашэнні канфліктаў і крызісаў", — цытуюць арганізатары старшыню Мюнхенскай канферэнцыі Вольфганга Ішынгера.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН