Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/10/27/978634_12345/
Дата раздрукоўкі: 13.11.2019 02:44
27.10.2018 17:02 Эканоміка

У Беларусі зноў даражэе аўтамабільнае паліва

Мінск, 27 кастрычніка. 28 кастрычніка кошт аўтамабільнага паліва на АЗС Беларусі падаражэе на капейку, "з мэтай далейшай кампенсацыі для НПЗ росту выдаткаў на набыццё нафты", паведамляе канцэрн "Белнафтахім".

Кошт бензіну АІ-92-К5-Еўра складзе 1,40 рубля за 1 літр, АІ-95-К5-Еўра — 1,49 рубля, АІ-98-К5-Еўра — 1,70 рубля, ДП — 1,49 рубля.

Заўтрашняе падаражанне паліва стане 22-м змяненнем цэн на яго ў 2018 годзе. Апошні раз цэны былі павялічаныя на капейку 21 кастрычніка.

Тыдзень таму, перад чарговым падаражаннем, "Белнафтахім" заяўляў, што "папярэднія змены цэн не кампэнсавалі для айчынных нафтаперапрацоўчых заводаў апераджальны рост цэн на нафту ў параўнанні з цэнамі на нафтапрадукты". Паводле звестак канцэрна, з кастрычніка 2017 года па кастрычнік 2018-га, калі адбываўся актыўны рост кошту нафты, цана нафты, якая закупляецца беларускімі НПЗ, у рублёвым эквіваленце вырасла на 54,5%. За аналагічны перыяд цана нафтапрадуктаў павялічылася ў сярэднім на 15,2%. Паводле звестак канцэрна, за мінулы перыяд кастрычніка 2018 года сярэдняя каціроўка нафты маркі Brent склала 83,5 долара ЗША за бараль.

Найбліжэйшым часам "Белнафтахім" мае намер прытрымлівацца "стрыманай пазіцыі па змене коштаў на паліва", заявіў журналістам 20 верасня ў Мінску намеснік старшыні канцэрна Уладзімір Сізоў. "Усе павінны разумець, што мы абмяжоўваем павышэнне цаны сацыяльнымі фактарамі", — дадаў ён.

Акрамя таго, адзначыў Сізоў, у канцэрне сочаць за дынамікай цэн на нафту, курсам рубля і змяненнем падатковага заканадаўства ў Расіі. "У залежнасці ад гэтых фактараў будзе прымацца рашэнне аб далейшым павышэнні цэн", — сказаў ён.
Андрэй Серада, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН