Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/10/29/978764_12345/
Дата раздрукоўкі: 16.12.2018 04:54
29.10.2018 11:45 Грамадства, Палітыка

Кіраўніцтва рэстарана "Паедзем паядзім" хоча прыцягнуць абаронцаў Курапатаў да крымінальнай адказнасці

Мінск, 29 кастрычніка. Кіраўніцтва рэстарана "Паедзем паядзім" падало ў міліцыю заяву аб прыцягненні да крымінальнай адказнасці абаронцаў Курапат.
Пра гэта паведаміў БелаПАН сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Павел Севярынец.

"Цяпер праходзіць праверка, па выніках якой будзе вырашана, ці распачынаць крымінальную справу. Пра гэта мне па тэлефоне паведаміў участковы Бараўлянскага аддзела міліцыі Мінскага РУУС, які выклікаў мяне, Дзмітрыя Дашкевіча, Ганну Шапуцьку і Дзяніса Урбановіча як удзельнікаў працэсу. У міліцыі з нас хочуць узяць тлумачэнні ў рамках праверкі", — сказаў Севярынец.

31 кастрычніка ён збіраецца з'ездзіць у міліцыю. "Хутчэй за ўсё, мы будзем падаваць сустрэчную заяву на "Паедзем паядзім". А менавіта аб распачынанні крымінальнай справы на ўсіх, хто захапіў частку ахоўнай зоны Курапатаў, запускае феерверкі і топча ўсе нормы закона", — сказаў палітык.

Севярынец таксама паведаміў, што 28 кастрычніка каля 20 абаронцаў Курапатаў правялі нараду. "Мы прынялі рашэнне, што будзем пратэставаць каля рэстарана да перамогі, пакуль ён не будзе зачынены", — адзначыў ён.

Пратэсты супраць працы рэстарана "Паедзем паядзім" ва ўрочышчы Курапаты, дзе расстрэльвалі ахвяр сталінскіх рэпрэсій, доўжацца з 31 мая.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН