Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/01/979452_979453/
Дата раздрукоўкі: 12.07.2020 10:29
01.11.2018 15:32 Эканоміка

Мінэканомікі: Урад Беларусі не гоніцца за месцамі ў рэйтынгу Сусветнага банка "Вядзенне бізнесу"

Мінск, 1 лістапада. Мэтай правядзення ўрадам Беларусі рэформаў па паляпшэнні бізнес-клімату з'яўляецца не гонка за месцамі ў рэйтынгу Сусветнага банка "Вядзенне бізнесу", а рост інвестыцыйнай актыўнасці з боку малых і сярэдніх прадпрыемстваў і павелічэнне інвестыцыйнай прывабнасці беларускай эканомікі. Пра гэта сказана ў каментарыі міністэрства да апублікаванага штогадовага рэйтынгу.

Беларусь заняла 37-е месца ў новым даследаванні "Вядзенне бізнесу — 2019". У папярэднім даследаванні краіна знаходзілася на 38-м радку, а пазалетась — на 37-м.

Рэйтынг складзены на аснове сярэдніх паказчыкаў кожнай краіны па дзесяці сферах рэгулявання бізнесу, уключаных у сукупную ацэнку за гэты год. У даследаванні прааналізавана сітуацыя ў 190 краінах. У ім гаворыцца, што за апошні год Беларусь правяла дзве рэформы, якія тычацца рэгулявання прадпрымальніцкай дзейнасці. У прыватнасці, аўтары даследавання да рэформы аднеслі той факт, што з 2018 года адменена абавязковая рэгістрацыя індывідуальнымі прадпрымальнікамі і юрыдычнымі асобамі кнігі ўліку праверак.

Таксама, на думку аўтараў даследавання, за апошні год улады палегчылі працэдуру атрымання дазволаў на будаўнічыя работы. Як вынік, паказчык лёгкасці вядзення бізнесу склаў 75,77 і крыху павялічыўся ў параўнанні з леташнім значэннем (75,07).

"Варта адзначыць, што даследаванне "Вядзенне бізнесу — 2019" ахоплівала перыяд з 1 ліпеня 2017 па 1 мая 2018 года. З прычыны адсутнасці правапрымяняльнай практыкі, у даследаванні не адлюстраваны шэраг мер па паляпшэнні дзелавога асяроддзя, рэалізаваных у канцы 2017 года і ў 2018 годзе ў рамках прынятага кіраўніком дзяржавы "лібералізацыйнага пакета". Указаныя рэформы будуць залічаны Беларусі ў наступных справаздачах Сусветнага банка", — зазначае Мінэканомікі.

"На працягу апошніх гадоў наша краіна стабільна ўтрымлівае пазіцыю ў топ-40 краін з найлепшымі ўмовамі вядзення бізнесу па версіі даследавання Сусветнага банка, — адзначаецца ў рэлізе міністэрства. — Урад Рэспублікі Беларусь мае намер працягнуць рэалізацыю комплексу рэформаў ва ўсіх сферах прадпрымальніцкай дзейнасці, у тым ліку з улікам станоўчага вопыту замежных краін і рэкамендацый Сусветнага банка".

Раней беларускія ўлады выказвалі гатоўнасць прыняць меры, каб краіна ўвайшла ў трыццатку лепшых краін па ўмовах вядзення бізнесу.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239