Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/01/979505_12345/
Дата раздрукоўкі: 29.03.2020 05:17
01.11.2018 19:35 Грамадства

Актывісты Вячаслаў Касінераў і Марына Насенка аштрафаваныя на 45 і 30 базавых велічынь за фота ў "Фэйсбуку"

Мінск, 1 лістапада. Актывісты анархісцкага руху Вячаслаў Касінераў і Марына Насенка аштрафаваныя на 45 і 30 базавых велічынь за фота ў "Фэйсбуку", паведамляе пазбаўлены рэгістрацыі ў Беларусі праваабарончы цэнтр "Вясна".

31 кастрычніка Касінераў паведаміў у сацыяльных сетках аб тым, што ў дачыненні да яго распачаты адміністрацыйны працэс за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў у сетцы "Фэйсбук" па арт. 17.11 КоАП (распаўсюджdанне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую дзейнасць).

Актывіст даведаўся пра гэта пасля званка з Маскоўскага РУУС. "Мне падалося, што гэта можа быць нейкі жарт, і я запытаў, каб мне даслалі афіцыйную позву", — напісаў ён на сваёй старонцы 31 кастрычніка.

Такую ж позву атрымала і яго жонка, Марына Насенка. "Напярэдадні святаў, пасля вызвалення Змітра Паліенкі і актывізацыі анархісцкага руху, што можа быць лепей за новыя рэпрэсіі з боку дыктатуры?" — пракаментаваў актывіст дзеянні міліцыі.

Паводле звестак праваабаронцаў, у 11 гадзін 1 лістапада Касінераў і Насенка зайшлі ў Маскоўскае РУУС, куды іх выклікалі па позве, і выйшлі на сувязь толькі а палове на сёмую вечара. Высветлілася, што з РУУС іх прывезлі ў суд Маскоўскага раёна, дзе Касінерава аштрафавалі на 45, а Насенку на 30 базавых велічынь (на 1.102,5 і 735 рублёў адпаведна).

Як паведаміў Касінераў, прычынай адміністрацыйнага пераследу сталі фатаграфіі актывістаў у шапцы з надпісам "класавая вайна" на ангельскай мове, які ўваходзіць у рэспубліканскі спіс эстрэмісцкіх матэрыялаў і забаронены для распаўсюду. Пратаколы за "распаўсюджванне экстрэмізму" былі складзеныя на аснове рапарта ГУБАЗіК.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН