Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/02/979537_12345/
Дата раздрукоўкі: 29.03.2020 06:07
02.11.2018 09:24 Эканоміка, Фінансы

Праект бюджэту на 2019 год прадугледжвае скарачэнне паступленняў ад прыватызацыі

Мінск, 2 лістапада. У 2019 годзе беларускія ўлады не чакаюць істотных паступленняў ад прыватызацыі. Гэта вынікае з праекта рэспубліканскага бюджэту на 2019 год.
Бюджэт на 2018 год прадугледжвае, што сёлета дзяржава атрымае 254,7 млн рублёў "ад рэалiзацыi маёмасцi, што належыць дзяржаве". У праекце бюджэту на 2019 год чаканыя паступленні па гэтым артыкуле істотна зменшаныя — да 40 млн рублёў.

Варта зазначыць, што за апошні тыдзень прадстаўнікі беларускага ўрада двойчы выказваліся на тэму прыватызацыі. Прэм'ер-міністр Сяргей Румас, адказваючы на пытанні дэпутатаў у сераду, заявіў, што Саўмін будзе ініцыяваць продаж невялікіх пакетаў акцый прадпрыемстваў, якія належаць дзяржаве.

"Рэвізія паказвае, што існуе вялікая колькасць прадпрыемстваў з доляй дзяржавы да 10%. Аб'ектыўна дзяржава не кіруе гэтымі прадпрыемствамі, але прысутнічае ў іх", — сказаў Румас.

Паводле яго слоў, урад зараз рыхтуе спіс такіх прадпрыемстваў.

"Пасля таго як мы адпрацуем гэты спіс, будзем выходзіць на кіраўніка дзяржавы з просьбай дазволіць выставіць дзяржаўныя пакеты акцый на біржу з тым, каб прапанаваць інвестарам, зацікаўленым у развіцці прадпрыемстваў, купіць гэтыя каштоўныя паперы", — паведаміў кіраўнік беларускага ўрада.

У сваю чаргу, першы віцэ-прэм'ер Аляксандр Турчын падтрымаў на мінулым тыдні продаж прадпрымальнікам маёмасці, якую яны працяглы час арандуюць ў дзяржавы. "Я не лічу здачу дзяржаўнай маёмасці на працягу дзясятка гадоў у арэнду эфектыўным варыянтам яе выкарыстання", — заявіў Турчын.

У верасні, нагадаем, прэм'ер-міністр распарадзіўся стварыць рабочую групу, якая будзе разглядаць выпадкі, калі дзяржарганізацыі і дзяржорганы адмаўляюцца прадаваць прадпрымальнікам маёмасць, што здаецца ў арэнду.

"Рабочая група неабходная для аналізу і маніторынгу сітуацыі ў гэтым кірунку, каб можна было ацаніць маштаб праблемы і выпрацаваць канкрэтныя прапановы", — патлумачыла БелаПАН дырэктар Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага Жанна Тарасевіч.

Хочацца спадзявацца, адзначыла яна, "што ў 2019 годзе ў нас адбудуцца змены ў заканадаўстве, якія дазволяць закласці аснову для малой прыватызацыі ў наступныя гады".

Беларускія эканамісты адзначаюць, што пакуль не відаць сігналаў, якія б відавочна сведчылі пра актывізацыю прыватызацыйных працэсаў.

"У 2018 годзе мы не ўбачылі канкрэтных крокаў дзяржавы, якія б дазвалялі спадзявацца на прыватызацыйную актыўнасць у наступным годзе", — канстатуе навуковы дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Ірына Тачыцкая.

На яе думку, акрамя прыняцця нарматыўных актаў для паскарэння прыватызацыйных працэсаў у краіне неабходная палітычная воля. "Прычым воля гэтая павінна быць сфармуляваная ў Беларусі не толькі на ўзроўні ўрада, але і, як заўсёды падкрэслівае МВФ, на самым высокім узроўні", — рэзюмавала Ірына Тачыцкая ў каментары БелаПАН.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН