Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/03/979735_123456/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 21:31
03.11.2018 16:33 Грамадства

Белстат: Сярэдні ўзрост беларускіх мужчын складае 37,5 года

Мінск, 3 лістапада. Сярэдні ўзрост беларускіх мужчын на пачатак 2018 года складаў 37,5 года, гаворыцца ў аглядзе Белстата да Сусветнага дня мужчын, які сёлета адзначаецца 3 лістапада.

Прычым мужчыны, якія пражываюць у сельскай мясцовасці, старэйшыя (сярэдні ўзрост — 41,1), чым мужчыны-гараджане (36,4). Сярод рэгіёнаў самае маладое мужчынскае насельніцтва пражывае ў сталіцы (36 гадоў).

На пачатак гэтага года ў працаздольным узросце знаходзілася 64,7% агульнай колькасці мужчынскага насельніцтва (сярод гараджан — 65,8%, вяскоўцаў — 60,9%).

На 1 студзеня 2018 года ў рэспубліцы колькасць мужчын склала 4 млн 421,5 тыс. чалавек, або 46,6% агульнай колькасці насельніцтва Беларусі.

Беларусь адносіцца да той катэгорыі краін, дзе колькасць мужчынскага насельніцтва меншая за колькасць жаночага. На пачатак 2018 года на 1.000 мужчын прыпадала 1.147 жанчын.

Тры чвэрці мужчын пражывае ў гарадах і пасёлках гарадскога тыпу. На пачатак гэтага года іх колькасць склала 3 млн 417,9 тыс. чалавек. Сярод мужчынскага насельніцтва рэспублікі кожны пяты мужчына з'яўляецца жыхаром сталіцы.

Самымі "мужчынскімі" з'яўляюцца такія віды эканамічнай дзейнасці, як інфармацыя і сувязь; прамысловасць; сельская, лясная і рыбная гаспадарка; транспартная сфера; будаўніцтва, дзе ўдзельная вага мужчын складае ад 55,2% да 81,2% агульнай колькасці работнікаў арганізацый адпаведнага віду эканамічнай дзейнасці.

Сярод мужчын, якія працуюць у арганізацыях, вышэйшую адукацыю мелі 27,7%, сярэднюю спецыяльную — 17,9%, прафесійна-тэхнічную — 25,4%.

Чаканая працягласць жыцця ў мужчын склала ў 2017 годзе 69,3 года. За 10 гадоў разрыў у паказчыках чаканай працягласці жыцця паміж мужчынамі і жанчынамі скараціўся з 11,7 года да 9,9 года.

"Пачынаючы з 2000 года, у першую суботу лістапада, адзначаецца Сусветны дзень мужчын. Ідэя свята — натхніць моцны пол сваімі дзеяннямі, дасягненнямі і высокімі маральнымі прынцыпамі быць узорам сапраўднага мужчыны, здольнага змяняць свет, не звяртаючыся да насілля", — адзначылі ў Белстаце.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239