Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/03/979739_123456/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 14:27
03.11.2018 13:10 Эканоміка, Палітыка

Прэм'ер-міністры Беларусі і Узбекістана падпісалі план мерапрыемстваў па развіцці супрацоўніцтва дзвюх краін

Мінск, 3 лістапада. Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас і прэм'ер-міністр Узбекістана Абдула Арыпаў падпісалі 2 лістапада план мерапрыемстваў (дарожную карту) па развіцці супрацоўніцтва дзвюх краін.

Як паведамляе прэс-служба беларускага ўрада, дарожная карта ўключае больш за 100 мерапрыемстваў для развіцця двухбаковага гандлю таварамі і паслугамі, забеспячэння на ўзаемнай аснове доступу на рынкі бакоў, узаемадзеяння ў галіне прамысловай кааперацыі, сельскай гаспадаркі, лёгкай прамысловасці, фармацэўтыкі і аховы здароўя, будаўніцтва, нафтахіміі , энергетыкі. Блок мерапрыемстваў датычыцца гуманітарнага супрацоўніцтва і развіцця міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, ўстанаўлення пабрацімскіх сувязяў.

Так, прадугледжана пастаўка ва Узбекістан прадукцыі беларускай дрэваапрацоўкі і тавараў народнага спажывання, МАЗаў — на 2 млн долараў, трактароў МТЗ — на 5 млн долараў. БелАЗ гатовы прыняць удзел у тэндарах на пастаўку тэхнікі. Бакі арганізуюць ўзаемныя пастаўкі харчавання, прапрацуюць магчымы экспарт беларускага соладу і цукру, Узбекістан гатовы павялічыць аб'ёмы паставак сухафруктаў. Аб'ём узаемнага гандлю плодаагародніннай і іншай прадукцыяй павінен вырасці да 10 млн долараў у год. У Мінску можа з'явіцца гандлёвы дом або магазін узбекскіх тавараў.

Беларусь і Узбекістан прапрацуюць стварэнне сумесных вытворчасцей малака, лекавых прэпаратаў, медтэхнікі, міні-трактароў і навяснога абсталявання, а таксама веласіпедаў, сумеснага транспартна-лагістычнага прадпрыемства. Беларускія арганізацыі дапамогуць пабудаваць ва Узбекістане сучасныя малочнатаварныя фермы.

Беларусь таксама мае намер увайсці ва ўзбекскі баваўняна-тэкстыльны кластар — для гэтага будзе рэалізаваны праект па будаўніцтве прадзільнай, ткацкай і аздабленчай фабрык.

План мерапрыемстваў быў падпісаны 2 лістапада ў Астане (Казахстан), дзе праходзіла пасяджэнне Савета кіраўнікоў урадаў СНД.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239