Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/03/979742_123456/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 21:54
03.11.2018 13:34 Грамадства

Петрышэнка абмеркаваў са спецпрадстаўніком генеральнага сакратара ААН меры дзяржпалітыкі Беларусі па абароне дзяцей ад сексуальнага насілля і эксплуатацыі

Мінск, 3 лістапада. Намеснік прэм`ер-міністра, старшыня Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці Ігар Петрышэнка 2 лістапада сустрэўся ў Мінску са спецыяльным прадстаўніком генеральнага сакратара ААН па пытанні аб насіллі ў адносінах да дзяцей Мартай Сантуш Паіш.

Петрышэнка азнаёміў спецпрадстаўніка з дзеючай у Беларусі сістэмай абароны і заахвочвання правоў дзяцей, дзейнасцю Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці. "Абарона правоў і законных інтарэсаў дзіцяці, стварэнне найлепшых умоў для рэалізацыі інтэлектуальнага, творчага патэнцыялу дзяцей, выхаванне сапраўдных патрыётаў і грамадзян — найважнейшыя мэты дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь", — прыводзіць словы віцэ-прэм`ера прэс-служба ўрада.

На сустрэчы таксама абмяркоўваліся меры дзяржаўнай палітыкі Беларусі па абароне дзяцей ад сексуальнага насілля і эксплуатацыі, развіццё міжнароднага супрацоўніцтва ў гэтай сферы.

Спецпрадстаўнік генеральнага сакратара ААН высока ацаніла працу Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці, станоўча адзначыла сумесныя праекты Беларусі і Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ), накіраваныя на забеспячэнне дабрабыту дзяцей і моладзі, заахвочванне здаровага ладу жыцця, падкрэсліла важнасць распаўсюджвання перадавога беларускага вопыту. "Для нас вельмі важна, каб тэма забеспячэння абароны дзяцей ад насілля насіла ўсебаковы характар. Неабходна забяспечваць не толькі рэагаванне на тое, што адбылося, але і прафілактыку. Мы бачым, што ў Беларусі гэтыя працэсы менавіта так і выбудаваныя", — сказала Марта Сантуш Паіш.

Яна падкрэсліла "высокую ступень увагі кіраўніцтва краіны да праблемы насілля над дзецьмі". "Важна, што члены ўрада могуць выпрацоўваць стратэгіі, забяспечваць ўзаемадапаўняльнасць розных дзяржаўных ініцыятыў і рабіць так, каб дабрабыт, развіццё дзяцей былі на належным узроўні", — дадала спецпрадстаўнік генеральнага сакратара ААН.

Як паведамлялася раней, паводле звестак МУС, з 2012 года колькасць выпадкаў педафіліі ў Беларусі вырасла ў 16 разоў. На думку праваахоўнікаў, гэта звязана найперш з актывізацыяй работы органаў унутраных спраў. Так, з 2012 года ў краіне выяўлена 1.884 такіх злачынствы, з іх 1.109 адносяцца да катэгорый цяжкіх і асабліва цяжкіх.

Дынаміка злачынстваў такая: калі ў 2012 годзе было выяўлена 38 злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці і палавой свабоды непаўналетніх, з іх 16 — цяжкіх, то ў мінулым годзе выявілі ўжо 606 і 383 злачынствы адпаведна; за першае паўгоддзе гэтага года — 457, з іх 266 — цяжкіх.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239