Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/04/979798_885522/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 07:48
04.11.2018 15:07 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка: Мы не багатыя, але нікога не просім, мы самі сваё шчасце заробім

Мінск, 4 лістапада. Пра міралюбную знешнюю палітыку беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 4 лістапада падчас размовы з жыхарамі гарадскога пасёлка Балбасава ў Аршанскім раёне Віцебскай вобласці.

"Мы — мірныя людзі, не жадаем вайны, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Мы не багатыя, але нікога не просім. Мы самі сваё шчасце заробім. Калі будзем варушыцца, мы ўсё зробім самі. Я ўжо сказаў, што лепш дзясяткі і сотні гадоў перамоў, чым адзін дзень вайны. Не дай бог. Я ведаю па гэтых гарачых пунктах. Для гэтага мы павінны быць як адзінае цэлае, бачыць свае мэты, жыць так, як лічым патрэбным".

"Нам чужога не трэба. У нас сярэдняя, згодна з еўрапейскімі меркамі, дзяржава. Мы ў самым цэнтры Еўропы і гэтым даражым", — падкрэсліў беларускі кіраўнік.

Лукашэнка звярнуў увагу на транзітнае значэнне Беларусі, "якая са сваёй транспартнай інфраструктурай пры цяперашняй сітуацыі ў рэгіёне апынулася вельмі запатрабаванай для перавалкі тых ці іншых грузаў". Аднак, паводле яго слоў, гэта "спараджае і дадатковыя рызыкі". "Выступаючы перад прадстаўнікамі Захаду на Мюнхенскай канферэнцыі, я ім казаў: цаніце Беларусь, не трэба супраць нас санкцыі ўводзіць. І нарката, і бандытызм, і ядзерныя элементы, і незаконная міграцыя — усё цераз нас ідзе на Захад. Мы іх ловім, адлоўліваем за ўласны кошт", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Сёння нарэшце яны зразумелі, у чым вартасць гэтага кавалка зямлі ў цэнтры Еўропы. Не толькі яны. Амерыканцы вельмі далёка — таксама ацанілі. Я ўжо не кажу пра старэйшага брата (Расію)", — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, беларуская знешняя палітыка ідзе ад жыцця: "Я нічога не прыдумаў. З суседзямі трэба жыць добра, чаго нам з імі сварыцца". У сувязі з гэтым ён згадаў аб прапановах пабудаваць у Польшчы амерыканскую ваенную базу. "Я міністру замежных спраў [Польшчы] сказаў — ён выступаў у нас у Мінску: мы з вамі ваяваць не збіраемся. Таму не трэба ствараць лішнія базы. У іншым выпадку мы з расіянамі павінны будзем адказваць. Значыць, мы будзем вымушаныя нешта размяшчаць, каб вам процідзейнічаць", — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Андрэй Серада, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239