Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/04/979801_889977/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 16:06
04.11.2018 15:27 Грамадства

Улады адмовілі актывістам аргкамітэта БХД у пераносе выхаднога дня з 7 на 2 лістапада

Мінск, 4 лістапада. Улады адмовілі актывістам аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД) у пераносе выхаднога дня з 7 лістапада, Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі, на 2 лістапада, дзень памінання продкаў "Дзяды". Пра гэта гаворыцца ў адказе на калектыўны зварот, які атрымаў з Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва гродзенскі каардынатар аргкамітэта БХД Яўген Дудкін.

У звароце нагадвалася, што Канстытуцыя Беларусі забараняе ўсталяванне ідэалогіі палітычных партый у якасці абавязковай для грамадзян, тады як днём 7 Лістапада шануецца менавіта гісторыя Камуністычнай партыі Савецкага Саюза, якая ўстанавіла аднапартыйную сістэму ў Беларусі, руйнавалі храмы, арганізавала ганенні на вернікаў і масавыя рэпрэсіі супраць інтэлігенцыі, сялян і рабочых.

Замест 7 лістапада прапаноўвалася зрабіць выхадным днём 2 лістапада, дзень памяці Дзяды, які ўмацуе сямейныя каштоўнасці праз наведванне беларусамі магіл сваіх продкаў, а ў рамках абвешчанага 2018 года Годам малой радзімы дасць магчымасць грамадзянам у навядзенні парадку ў малых населеных пунктах.

Аднак у адказе за подпісам першага намесніка міністра працы і сацабароны Андрэя Лабовіча, паведамляе прэс-служба аргкамітэта БХД, гаворыцца, што "прапанова аб пераносе выхаднога дня з 7 лістапада на 2 лістапада ў цяперашні час не разглядаецца". Паводле яго слоў, у Беларусі зараз тры выхадныя дні на рэлігійныя святы — Нараджэнне Хрыстова 25 снежня і Раство 7 студзеня, а таксама Радаўніцу, і абвяшчэнне "яшчэ аднаго непрацоўнага святочнага дня (рэлігійнага свята) для вернікаў пэўнай канфесіі можа выклікаць незадаволенасць вернікаў іншых канфесій".

Больш за тое, заяўляе першы намеснік міністра, "дата 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, стала адной з самых значных падзей XX стагоддзя і карэнным чынам паўплывала на ход далейшай гісторыі".

"Гісторыя пацвярджае значнасць ідэалаў Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі — вызваленне працоўных ад эксплуатацыі і прыгнёту, зацвярджэнне раўнапраўя і сацыяльнай справядлівасці. Гэтыя прынцыпы закладзеныя ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. А для кагосьці гэта проста яшчэ адзін выхадны, на працягу якога можна проста адпачыць або правесці час з сям'ёй", — гаворыцца ў адказе Лабовіча.
Андрэй Серада, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239