Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/04/979808_789654/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 08:03
04.11.2018 16:10 Палітыка, Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка лічыць, што ў падтрыманні парадку і развіцці населеных пунктаў павінны ўдзельнічаць мясцовыя жыхары (дапоўнена)

Мінск, 4 лістапада. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў падтрыманні парадку і развіцці населеных пунктаў павінны ўдзельнічаць мясцовыя жыхары. Пра гэта ён заявіў 4 лістапада, наведваючы гарадскі пасёлак Балбасава ў Аршанскім раёне Віцебскай вобласці.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, Лукашэнка азнаёміўся з добраўпарадкаваннем і сацыяльным развіццём Балбасава. Размаўляючы з мясцовымі жыхарамі, ён сказаў, што ў Беларусі паэтапна займаліся навядзеннем парадку ў краіне пачынаючы ад сталіцы і заканчваючы аграгарадкамі, аднак "некалькі ў баку засталіся невялікія пасёлкі кшталту Балбасава". "Чысціню, парадак мы навялі, але гэта давядзецца вам самім падтрымліваць", — адзначыў Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу на неабходнасць далейшага азелянення населенага пункта, развіцця паркавых тэрыторый і ў цэлым стварэння найбольш камфортных умоў для жыцця людзей. Пасёлкі, як Балбасава ці Копысь, — гэта ўзор, паводле якога ў найбліжэйшыя некалькі гадоў прывядуць у парадак падобныя населеныя пункты па ўсёй краіне, заявіў кіраўнік дзяржавы.

Беларускі кіраўнік заклікаў ўдзельнічаць у гэтым працэсе і саміх грамадзян у меру сіл і магчымасцяў. "Трэба варушыцца. Не варта спадзявацца толькі на дзяржаву. Яна сваю ролю адыграе, — сказаў Лукашэнка. — Там, дзе дзяржава павінна зрабіць, дзе вы не можаце, там з дзяржавы трэба патрабаваць".

Ён таксама падкрэсліў, што не з`яўляецца прыхільнікам выключна рынкавага падыходу, і дзяржава працягне адыгрываць неабходную ролю ў развіцці тэрыторый — іх добраўпарадкаванні, стварэнні новых працоўных месцаў.

"Гэтая прыгажосць будзе запатрабаваная людзьмі толькі тады, калі ім будзе дзе працаваць. Таму трэба яшчэ і ствараць працоўныя месцы", — адзначыў Лукашэнка. Паводле яго слоў, для надання імпульсу эканамічнаму развіццю зараз каля Балбасава разгорнутае будаўніцтва, аднаўляецца аэрапорт, блізу якога размесціцца буйны прамыслова-лагістычны цэнтр. "Тут цудоўная лагістыка — міжнародная аўтамабільная траса, чыгуначны вузел, будзе паветраная гавань", — дадаў беларускі кіраўнік.

Ён заклікаў па-гаспадарску падыходзіць да выкарыстання пустых будынкаў і памяшканняў, бо некаторыя з іх можна не зносіць, а пераабсталяваць пад іншыя мэты, у тым ліку развіццё бізнесу, стварэнне арганізацый для абслугоўвання насельніцтва.

"Гэты пасёлак для мяне — сімвал нашага непарыўнага сяброўства з расіянамі. Тут шмат працавала [у часы СССР] большасць рускіх людзей. Беларусы, рускія, украінцы... Розныя нацыі жылі і калісьці эксплуатавалі гэты аэрадром. Гэта быў адзін са стратэгічных ваенных аэрадромаў. І няхай гэты адноўлены пасёлак будзе сімвалам нашага непарушнага сяброўства славянскіх народаў, перш за ўсё расіянаў і беларусаў. Гэта як помнік", — сказаў Лукашэнка.

"Мы пакрысе будзем вам дапамагаць там, дзе павінна падставіць сваё плячо дзяржава. А кажуць, што дзяржава — гэта мы. Дык давайце мы і будзем мацаваць гэтую дзяржаву, — заклікаў Лукашэнка. — Усё цяпер за вамі. І сваё жыццё ўладкоўваць нам. Ніхто звонку не прыйдзе і не дапаможа. Наадварот, будуць, зайздросцячы, дзесьці прытарможваць".

Як паведамляе прэс-служба, падчас размовы з жыхарамі Балбасава Лукашэнка закрануў і дэмаграфічнае пытанне, выказаўшы пажаданне, каб у сем`ях было не менш за трох дзяцей: "Нам вельмі патрэбныя людзі. Для таго, каб была Беларусь. Беларусь — суверэнная і незалежная — гэта перш за ўсё людзі".

Кіраўнік дзяржавы прайшоў па цэнтральнай вуліцы гарадскога пасёлка, азнаёміўшыся з тым, як праведзенае добраўпарадкаванне. Ён асабіста ацаніў асартымент у дзвюх прадуктовых крамах, адна з якіх дзяржаўная, а другая прыватная. Лукашэнка падкрэсліў, што пры правядзенні больш гнуткай цэнавай палітыкі неабходна выраўноўваць умовы працы дзяржаўных і прыватных гандлёвых арганізацый. "Значыць, стварайце ўмовы, каб яны маглі працаваць на роўных — прыватныя крамы і дзяржаўныя. Людзям жа галоўнае, каб якасны быў прадукт і танны", — заўважыў ён.

Лукашэнка заклікаў з асцярогай падыходзіць да пытання будаўніцтва ў гэтай мясцовасці буйных сеткавых магазінаў, каб не загубіць невялікія крамы крокавай даступнасці. "Я б вам не рэкамендаваў будаваць тут сеткавыя крамы, бо яны разбураць маленькія. У нас 11 такіх, можна сказаць, крокавай даступнасці. Яны канкуруюць паміж сабой. А калі цяпер сюды сеткавы магазін пусцім, у яго ёсць магчымасць напалову знізіць цэны, і ён загубіць гэтыя, а потым падыме цэны. Праўда, гэтыя жарты ў нас недапушчальныя. Я іх усіх папярэдзіў. Глядзіце, вельмі акуратна з гэтым. Тут я не хачу вам рэкамендаваць забараняць або не, але такія крамкі губіць нельга", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Падчас размовы з мясцовымі жыхарамі было закранутае і пытанне паляпшэння абслугоўвання пры гандлі прамысловымі таварамі, паведамляе прэс-служба. Кіраўнік дзяржавы распарадзіўся на працягу года вырашыць гэтую праблему.

Лукашэнка таксама наведаў абноўлены Дом культуры, азнаёміўся з яго працай.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239