Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/05/979827_558112/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 16:21
05.11.2018 09:49 Грамадства

Сёння ў розных краінах праходзіць кампанія салідарнасці "Станем за журналістыку"

Мінск, 5 лістапада. 5 лістапада па ўсім свеце праводзіцца кампанія "Станем за журналістыку". З 2007 года акцыю арганізуе Міжнародная федэрацыя журналістаў з мэтай прыцягнуць увагу грамадскасці да галоўных пагроз, з якімі сутыкаюцца работнікі сродкаў масавай інфармацыі.

Як адзначае Беларуская асацыяцыя журналістаў, сёлета галоўнай пагрозай у краіне стала распачынанне крымінальных спраў у дачыненні да вядомых журналістаў і рэдактараў недзяржаўных медыя — так званая справа БелТА.

З 7 па 9 жніўня ў рэдакцыях tut.by, БелаПАН і іншых СМІ, а таксама ў кватэрах журналістаў адбыліся вобыскі. Былі затрыманыя галоўны рэдактар tut.by Марына Золатава, рэдактары партала Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына і міжнародны аглядальнік БелаПАН Таццяна Каравянкова, уласны карэспандэнт Deutsche Welle Паўлюк Быкоўскі і рэдактар сайта газеты "Белорусы и рынок" Аляксей Жукаў. Усе яны правялі некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання, а пасля вызвалення большасці падазраваных быў забаронены выезд з краіны.

Следчы камітэт падазрае журналістаў у несанкцыянаваным доступе да камп'ютарнай інфармацыі дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА (ч. 2 арт. 349 КК). На гэты момант падазраванымі па "справе БелТА" з'яўляюцца больш як дзесяць журналістаў і рэдактараў, ім пагражаюць штрафы і нават турэмныя тэрміны.

Незалежныя аналітыкі перакананыя, што такім чынам улады спрабуюць запалохаць і ўзяць пад кантроль галоўныя недзяржаўныя медыя. Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Савет Еўропы, Еўрапарламент, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.

Беларуская асацыяцыя журналістаў выказвае салідарнасць з калегамі і патрабуе ад уладаў неадкладна спыніць іх пераслед.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239