Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/05/979832_558899/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 16:07
05.11.2018 09:19 Палітыка

Макей: Важна, каб ідэі, што прагучалі на пасяджэнні асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы ў Мінску, былі рэалізаваныя

Мінск, 5 лістапада. Паводле вынікаў працы асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, якая засядала ў Мінску 31 кастрычніка — 1 лістапада, будуць падрыхтаваныя канцэпцыі, паведаміў 3 лістапада ў інтэрв'ю праграме "Галоўны эфір" Першага канала беларускага тэлебачання міністр замежных спраў Уладзімір Макей. "Прагучала шмат цікавых ідэй. Мы зараз пастараемся ўсё вывучыць і пакласці на паперу", — сказаў ён.

Паводле слоў кіраўніка МЗС, ён ужо сустракаўся з міністрам замежных спраў Славакіі, якая будзе старшынстваваць у наступным годзе ў АБСЕ. "Мы дамовіліся разам прасоўваць шэраг ідэй, якія прагучалі на пасяджэнні асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Пытанне ў тым, каб тыя ідэі, якія прагучалі, былі і рэалізаваныя. Мы зараз іх абагульнім, падрыхтуем адпаведныя канцэпцыі, а далей будзем працаваць над іх рэалізацыяй", — адзначыў Макей.

Не варта чакаць неадкладных вынікаў дыскусій, падкрэсліў міністр. "Але важна, што стала больш яснасці і што многія пачулі голас Беларусі. Я маю на ўвазе выступленне кіраўніка дзяржавы, дзе ён выразна акрэсліў бачанне і нашы падыходы да праблем. Не намі гэта было названае "платформай Лукашэнкі", а прагучала з вуснаў аднаго з амерыканскіх прадстаўнікоў — давайце рэалізоўваць план Лукашэнкі. І такіх момантаў было шмат", — дадаў Макей.

Правядзенне ў Мінску такіх мерапрыемстваў і ўдзел у іх кіраўніцтва дзяржаў ён назваў "укладам на перспектыву ў развіццё краіны, грамадства, павышэннем аўтарытэту дзяржавы". Кіраўнік МЗС звярнуў увагу на тое, што ў Мінску сабраліся прадстаўнікі розных, часам канфліктных, бакоў — Сербіі і Косава, Украіны і Расіі, Азербайджана і Арменіі, НАТА і АДКБ, ЕС і ЕАЭС, Беларусі і ЗША, якія абмеркавалі "актуальныя праблемы".

"Нам важна, што слова "Мінск" будзе гучаць часцей на міжнародных форумах, у тым ліку пасля таго, як прайшла гэтая канферэнцыя. Але самае важнае, што і тое, што падчас дыскусій гучала слова "дыялог", слова "кампраміс", і гэта застанецца ў памяці многіх", — падкрэсліў Макей.

Ён асабліва адзначыў заслугу старшыні Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы Вольфганга Ішынгера ў тым, што канферэнцыя прайшла ў Мінску. "Гэта была яго ідэя, і мы зрабілі ўсё магчымае, каб яе ўдзельнікі адчувалі сябе камфортна", — сказаў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239