Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/05/979844_788469/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 07:50
05.11.2018 10:45 Эканоміка, Фінансы

Эксперты не прагназуюць зніжэння стаўкі рэфінансавання да канца года

Мінск, 5 лістапада. Нацыянальны банк не будзе зніжаць стаўку рэфінансавання сёлета, лічаць аналітыкі фінансавага рынку.
На мінулым тыдні Нацбанк распаўсюдзіў даклад начальніка галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Дзмітрыя Мурына, які заявіў, што для ўтрымання інфляцыі ў 2019—2020 гадах у межах 5% патрабуецца захаваць найбліжэйшым часам працэнтныя стаўкі ў эканоміцы "на ўзроўні наяўных значэнняў".

Беларускія эканамісты лічаць, што працэнтныя стаўкі на грашовым рынку Беларусі дасягнулі дна і магчымасці па іх зніжэння практычна вычарпаныя.

"На карысць гэтай высновы кажа той факт, што ў верасні 2018-га ўпершыню з сярэдзіны мінулага года няхай і нязначна, але зменшыліся рублёвыя ўклады. Таму Нацбанку зараз трэба праводзіць вельмі акуратную працэнтную палітыку, каб не атрымаць праблем на рынку дэпазітаў", — сказаў у каментары БелаПАН старшы аналітык форэкс-брокера "Альпары" Вадзім Іосуб.

Ён звярнуў увагу на тое, што Федэральная рэзервовая сістэма ЗША сёлета павышае ўліковую стаўку, з прычыны чаго працэнтныя стаўкі па доларавых інструментах ва ўсім свеце ў апошнія месяцы растуць.

"Нельга ў Беларусі стварыць кошт доларавага рэсурсу ў адрыве ад яго кошту ў свеце. Ва ўмовах росту працэнтных ставак па доларавых укладах зніжэння ставак па рублёвых дэпазітах быць не можа, бо гэта прывядзе да адтоку апошніх з банкаўскай сістэмы", — падкрэслівае Іосуб.

Эксперты дапускаюць, што ў 2018—2019 гадах працэнтныя стаўкі на грашовым рынку Беларусі давядзецца павышаць ў выпадку, калі заходнія санкцыі будуць прыводзіць да далейшага адтоку капіталу з Расіі.

"У выпадку далейшага адтоку замежнага капіталу з Расіі Беларусь можа быць вымушаная павялічыць працэнтныя стаўкі на ўнутраным рынку. Гэта дасць магчымасць павысіць прывабнасць рублёвых зберажэнняў і знізіць націск на абменны курс беларускага рубля", — мяркуе старшы навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра Дзмітрый Крук.

Улічваючы складаную знешнюю кан'юнктуру, нават захаванне стаўкі рэфінансавання у 2019 годзе на наяўным узроўні (10%) можна будзе лічыць станоўчым вынікам дзейнасці Нацбанка, мяркуе Крук.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239