Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/05/979857_7850012/
Дата раздрукоўкі: 04.06.2020 22:37
05.11.2018 11:52 Грамадства, Палітыка

Устаноўлены ў Беларусі парадак акрэдытацыі журналістаў не парушае правоў чалавека, лічаць ва ўрадзе

Мінск, 5 лістапада. Устаноўлены ў Беларусі парадак акрэдытацыі журналістаў не парушае правоў чалавека, гаворыцца ў адказе беларускага ўрада на зварот у Камітэт ААН па правах чалавека гомельскай журналісткі-фрылансара Ларысы Шчыраковай, які апублікаваны на сайце spring96.org.

Журналістка, што на працягу некалькіх гадоў рэгулярна атрымлівала адміністрацыйныя штрафы за супрацоўніцтва з польскім тэлеканалам "Белсат" без акрэдытацыі ў МЗС Беларусі, накіравала скаргу ў КПЧ ААН у 2016 годзе пасля таго, як беспаспяхова абскардзіла вынясенне некалькіх штрафаў у Вярхоўным судзе і Генеральнай пракуратуры.

"Устаноўлены заканадаўствам Рэспублікі Беларусь парадак акрэдытацыі ў якасці журналіста сродку масавай інфармацыі, скіраваны на стварэнне ўмоў для рэалізацыі канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, не можа разглядацца як абмежаванне названага права пункта 3 артыкула 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах", — адзначаецца ў інфармацыі кампетэнтных органаў Беларусі ў сувязі з паведамленнем Шчыраковай ў КПЧ ААН, зарэгістраваным пад нумарам 2911/2016.

Журналістка спаслалася на норму пакта аб тым, што кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання, якое ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага роду інфармацыю. Пры гэтым устаноўленыя законам абмежаванні неабходныя толькі для паважання правоў і рэпутацыі іншых асоб і для аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя ці маралі насельніцтва.

Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, у 2018 годзе Шчыракову прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці на падставе арт. 22.9 КоАП (незаконны выраб і распаўсюджванне прадукцыі СМІ) не менш як тры разы. Усяго з пачатку года беларускія журналісты былі аштрафаваныя 92 разы на агульную суму больш за 80 тыс. рублёў.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239