Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/05/979866_478569/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 21:30
05.11.2018 13:15 Эканоміка

У Мінску пачала працаваць аглядная місія МВФ

Мінск, 5 лістапада. У Мінску 5 лістапада пачала працаваць аглядная місія Міжнароднага валютнага фонду (МВФ). Яе ўзначальвае Жак Міньян — кіраўнік місіі МВФ па Беларусі.

Эксперты фонду плануюць працаваць у Мінску па 15 лістапада. Іх мэта — падрыхтаваць штогадовы агляд наяўнай эканамічнай сітуацыі ў краіне і працягнуць кансультацыі з уладамі па пытаннях эканамічнай палітыкі, паведамілі ў прадстаўніцтве МВФ у Беларусі.

Беларусь запытвала ў МВФ крэдыт на 3 млрд долараў, аднак летам 2017 года ўрад паведаміў, што перамовы прыпыненыя. Нягледзячы на прыпыненне перамоў па крэдытнай праграме, паміж персаналам МВФ і беларускімі ўладамі захоўваецца дыялог. Дыскусіі працягваюцца, але бакі па-ранейшаму разыходзяцца ў пытанні аб хуткасці рэформаў.

На мінулым тыдні міністр эканомікі Дзмітрый Крутой заявіў журналістам пра гатоўнасць разам з экспертамі МВФ па ўсіх блоках "дэталёва паглядзець усе іх пытанні". Ён таксама адзначыў, што Беларусь пакуль не плануе правядзенне перамоваў з МВФ аб выдзяленні крэдыту, а сам перамоўны працэс па гэтым пытанні знаходзіцца "ў рэжыме пашыранай паўзы".

На думку шэрагу незалежных эканамістаў, напярэдадні буйных палітычных кампаній — прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў — беларускія ўлады не гатовыя падымаць тэму непапулярных эканамічных рэформаў.

У кастрычніцкай справаздачы World Economic Outlook МВФ прыкметна палепшыў прагноз для эканомікі Беларусі. Так, паводле ацэнак эканамістаў фонду, у 2018 годзе рост ВУП у Беларусі можа скласці 4%. Гэта значна лепш за папярэдняю ацэнку МВФ — у красавіцкай справаздачы фонд ацэньваў рост беларускай эканомікі сёлета на ўзроўні 2,8%. Паводле ацэнкі аналітыкаў фонду, у 2019 годзе ВУП у Беларусі вырасце на 3,1% супраць 2,4%, названых у папярэднім прагнозе.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239