Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/05/979885_112255/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 15:20
05.11.2018 14:21 Эканоміка

Першы віцэ-прэм'ер Турчын: Указ аб барацьбе з ілжэпрадпрымальніцтвам будзе адменены (дапоўнена)

Мінск, 5 лістапада. Аляксандр Лукашэнка ставіць задачу перад урадам зрабіць Беларусь прывабнай для замежнага капіталу, аднак гэта немагчыма, пакуль бізнесменаў актыўна прыцягваюць да крымінальнай адказнасці. Такую заяву зрабіў першы віцэ-прэм'ер Аляксандр Турчын 5 лістапада ў Мінску на Кастрычніцкім эканамічным форуме.
"У прыватных размовах многія прадпрымальнікі кажуць прыкладна так: мэта, пастаўленая прэзідэнтам, безумоўна, правільная — без крыніц фінансавання рост немагчымы, — сказаў Турчын. — Больш за тое, кажуць яны, гэтая ідэя не проста правільная, яна вельмі своечасовая і вельмі рэальная з прычыны шэрагу суб'ектыўных працэсаў, якія адбываюцца ў свеце. Аднак, працягваюць яны, як можаце вы разлічваць на давер да вас, калі, вобразна кажучы, не праходзіць і дня без паведамлення аб тых ці іншых фактах крымінальнага пераследу бізнесу ў вашай краіне? Відавочна, што пакуль такія думкі і настроі ёсць, а яны ёсць, сур'ёзна казаць аб маштабным прыцягненні капіталу ў краіну не даводзіцца".

Паводле слоў першага віцэ-прэм'ера, адна з ключавых задач урада — змяніць такія настроі. "Але аднымі словамі іх не змяніць, патрэбныя дзеянні, — падкрэсліў Турчын. — Найбліжэйшым часам, я спадзяюся, мы паставім кропку ў вырашэнні пытання, якое ўжо стала сімвалічным, — адмены 488-га ўказа ("Аб некаторых мерах па папярэджанні незаконнай мінімізацыі сум падатковых абавязацельстваў". — БелаПАН.). Пасля гэтага мы выйдзем на абмеркаванне праблемы, якая, калі ўдасца яе вырашыць, самым фундаментальным чынам зменіць у станоўчы бок інвестклімат у Беларусі".

"Наша грамадства, мне здаецца, прыйшло да таго, што эканамічныя метады прымусу да выканання законаў могуць апынуцца не менш, а то і больш дзейснымі, чым сілавыя, — заявіў Турчын. — Абмоўлюся адразу: гэтае рашэнне настолькі фундаментальнае па сваім маштабе, што, вядома, запатрабуе глыбокай прапрацоўкі і дыскусіі. Канчатковае рашэнне, натуральна, застаецца за кіраўніком дзяржавы, які пры прыняцці любога рашэння ўлічвае сукупнасць фактараў".

Першы віцэ-прэм'ер адзначыў, што для прадпрымальніка страта волі значна больш балючая, чым падатковыя прэтэнзіі. "Сілавікі дзейнічаюць згодна з тымі правіламі, якія ёсць. Хочам па-сапраўднаму, па-сур'ёзнаму змяніць сітуацыю да лепшага? Давайце зменім правілы", — падсумаваў Турчын.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239