Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/06/980010_147852/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 18:25
06.11.2018 10:11 Грамадства

У справе аб двух буйных інтэрнэт-крамах па продажы забароненых рэчываў 37 абвінавачаных

Мінск, 6 лістапада. Следчы камітэт завяршыў расследаванне маштабнай крымінальнай справы аб дзейнасці двух буйных інтэрнэт-магазінаў па продажы забароненых рэчываў, паведамляе прэс-служба ведамства.

У выніку праверкі аператыўнай інфармацыі супрацоўнікамі ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі УУС Мінаблвыканкама былі атрыманыя звесткі аб дачыненні шэрагу асоб да наркагандлю. Супрацоўнікамі міліцыі былі праведзеныя затрыманні, падраздзяленнямі СК — распачатыя крымінальныя справы, якія пасля былі злучаныя ў адной вытворчасці.

"Падчас следства ўстаноўленае, што ў перыяд з 2016 года па 2017 год больш за 30 чалавек з карыслівых меркаванняў уступілі ў структурныя падраздзяленні міжнародных злачынных арганізацый, мэтай якіх з'яўлялася атрыманне даходу ад збыту наркотыкаў і псіхатропаў. Гэтыя падраздзяленні адносяцца да двух буйных гандлёвых пляцовак у інтэрнэце", — гаворыцца ў паведамленні.

Гэтыя людзі выконвалі розныя ролі ў злачыннай групе, былі дыстанцыйна надзеленыя кіраўніцтвам крамы рознымі абавязкамі. У іх ліку падзел буйных партый забароненых рэчываў і размеркаванне іх паміж іншымі ўдзельнікамі, збыт наркотыкаў і псіхатропаў спажыўцам з выкарыстаннем закладак, прыцягненне новых пакупнікоў, збыт пробных порцый і кантроль водгукаў аб іх выкарыстанні, захаванне канспірацыі.

Дзейнасць адной з крам — White&Fluffy — спыненая, яна спыніла існаванне. Пры гэтым вызначаныя асобы кіраўнікоў абедзвюх гандлёвых пляцовак, у дачыненні да якіх праводзяцца аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы.

Акрамя таго, спыненыя буйныя каналы пастаўкі забароненых рэчываў з Расіі і Украіны. Сярод абвінавачаных 36-гадовы кур'ер, грамадзянін Расіі, які перавозіў буйныя партыі наркотыкаў і псіхатропаў ў Беларусь з РФ для далейшага распаўсюджвання абодвума крамамі. Украінскімі праваахоўнікамі на запыт беларускага боку затрыманы пастаўшчык, які неаднаразова перавозіў забароненыя рэчывы ў Беларусь з тэрыторыі паўднёвага суседа.

Сярэдні ўзрост абвінавачаных па крымінальнай справе — 27 гадоў, сярод іх толькі адна жанчына, астатнія — мужчыны ад 18 да 46 гадоў. Усе яны маюць розны сацыяльны статус: восем фігурантаў скончылі вышэйшыя навучальныя ўстановы, 15 — мелі законныя крыніцы даходу і пастаяннае месца працы альбо займаліся прадпрымальніцкай дзейнасцю. 11 падследных раней былі судзімыя, у тым ліку за незаконныя дзеянні з наркотыкамі.

Падчас расследавання праведзеныя вобыскі, вочныя стаўкі, больш за 300 допытаў. Прааналізаваны змест мабільных прылад і камп'ютарнай тэхнікі. Канфіскаваныя з тайнікоў у розных месцах на тэрыторыі Беларусі наркатычныя сродкі і псіхатропныя рэчывы агульнай масай больш за 7 кг.

Накладзены арышт на маёмасць, у тым ліку набыты на сродкі, заробленыя злачынным шляхам (аўтамабілі, камп'ютарная тэхніка), больш як на 117 тысяч рублёў.

Дзеянні 37 абвінавачаных кваліфікаваныя следствам згодна з наступнымі артыкуламі КК:

— 285 (удзел у злачыннай арганізацыі) — 33 абвінавачаныя;

— 328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў) — 37 абвінавачаных, 33 з іх — паводле ч. 4 артыкула;

— 328-1 (незаконнае перамяшчэнне цераз дзяржмяжу Беларусі наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў ці аналагаў) — адзін абвінавачаны;

— 329 (пасеў або вырошчванне забароненых да вырошчвання раслін ці грыбоў, якія ўтрымліваюць наркатычныя сродкі або псіхатропныя рэчывы) — трое абвінавачаных.

Да 33 фігурантаў прымененая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Крымінальная справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239