Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/06/980115_980116/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 15:04
06.11.2018 16:59 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка: Кастрычніцкая рэвалюцыя — свята міру і правоў чалавека

Мінск, 6 лістапада. "Галоўны ўрок, які мы павінны атрымаць з гісторыі 1917 года, — гэта мір, мір і яшчэ раз мір. Павінен быць мір для таго, каб людзі маглі нармальна жыць", — заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас гутаркі з жыхарамі Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. 6 лістапада афіцыйны лідар адкрыў там рэканструяваны мост цераз раку Прыпяць.

Другі ўрок, на яго думку, ідзе з прычын, якія спарадзілі Кастрычніцкую рэвалюцыю. "Гэта правы чалавека, пра якія мы вельмі шмат гаворым. Літаральна некалькі гадзін таму я сустракаўся з амерыканцамі (прадстаўнікамі аналітычных цэнтраў. — БелаПАН.), і ў нас зайшла дыскусія па тэме Кастрычніцкай рэвалюцыі (як вы разумееце, яны зусім па-іншаму ўспрымаюць усё). Мы вельмі доўга дэбатавалі аб правах чалавека, і вось я ім прывёў прыклад падзей таго часу — вось дзе былі парушаныя правы чалавека. Людзі ішлі незразумела на якую вайну (гаворка пра Першую сусветную вайну. — БелаПАН.) і гінулі. Права чалавека на жыццё было разбуранае, а таксама права на працу: людзі не мелі працы, кавалка хлеба. Як яны маглі жыць і карміць свае сем'і?" — заявіў афіцыйны лідар, якога цытуе прэс-служба прэзідэнта.

"Таму Кастрычніцкая рэвалюцыя — гэта свята міру і правоў чалавека", — лічыць ён.

Лукашэнка заявіў, што Кастрычніцкая рэвалюцыя — гэта не пераварот, як цяпер у Расіі некаторыя гавораць. "Можна назваць пераваротам, але гэта не той пераварот, які б яны хацелі бачыць тады ў нашай дзяржаве. Ім усё трэба перакрэсліць і перапісаць. Вось таму мы ў свой час, напэўна, мудра паступілі, пакінуўшы гэта свята ў нашай гісторыі, і не кідаем у яго камень. Вы памятаеце, што мы не ўсё ведаем, а адсюль і не ўсё разумеем, што там адбывалася", — сказаў беларускі кіраўнік.

Ён прывёў у прыклад Кітай і народ гэтай краіны, які не забывае таго, што было ў іх гісторыі.

"Беражыце мір, людзей і сапраўдныя правы на жыццё, на працу, на адукацыю, на ахову здароўя, на выхаванне дзяцей", — заклікаў Лукашэнка.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239