Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/08/980260_458796/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 22:18
08.11.2018 11:07 Эканоміка

Віцэ-прэм`ер Ляшэнка: Пры сённяшнім кошце нафты 72 долары за бараль справядлівая цана за літр АІ-92 — 77 цэнтаў

Мінск, 8 лістапада. Пры сённяшнім кошце нафты 72 долары за бараль справядлівая цана за літр бензіну АІ-92 — 77 цэнтаў, заявіў намеснік прэм`ер-міністра Ігар Ляшэнка 6 лістапада падчас наведвання новай вытворчасці азотнай кіслаты ў ААТ "Гродна Азот", паведамляе прэс-служба ўрада.

Адказваючы на пытанне журналістаў пра паліва, якое, дабаўляючы ў цане па капейцы, падаражэла ў жніўні—кастрычніку на 12 капеек, Ляшэнка сказаў: "У доларавым эквіваленце падаражанне склала адзін цэнт. Пры сённяшнім кошце бараля ў 72 долары справядлівая цана за літр АІ-92 — 77 цэнтаў. Калі бараль будзе стабільны, павышэнне цаны на паліва на адну капейку будзе працягнутае".

Віцэ-прэм`ер азнаёміўся з ходам рэалізацыі праекта па вытворчасці азотнай кіслаты магутнасцю 1,2 тыс. т за суткі з рэканструкцыяй дзейнай вытворчасці вадкіх азотных угнаенняў (КАС). Увод у эксплуатацыю аб`екта запланаваны на канец года.

"Гэта знакавы аб`ект для ААТ "Гродна Азот". Пасля значнага тэрміну неабнаўлення магутнасцяў прадпрыемства за тры гады рэалізавала праект па павелічэнні аб`ёму вадкіх азотных угнаенняў з 750 тыс. т да 1,2 млн т на год", — адзначыў Ляшэнка. Паводле яго слоў, у перыяд актыўнай падкормкі вясной пастаўкі угнаенняў сельгасвытворцам узрастуць з 2,1 тыс. т да 3,5 тыс. т на суткі. Акрамя таго, павелічэнне магутнасцяў дазволяць забяспечыць поўную патрэбу ўнутранага рынку ў азотных угнаеннях і пастаянную прысутнасць прадпрыемства на знешнім рынку.

"Важная рэалізацыя праекта і ў эканамічным плане. Прырост па выручцы складзе больш за 200 млн долараў, колькасць персаналу ў цэху — прыблізна 80 чалавек. Значыць, сярэднегадавая выпрацоўка на аднаго працоўнага па выручцы перавысіць 1 млн долараў", — сказаў Ляшэнка. За кошт укаранення энергаэфектыўных тэхналогій на новай вытворчасці будзе сур`ёзна зніжаны сабекошт прадукцыі.

Віцэ-прэм`ер таксама паведаміў аб планах па прыцягненні сродкаў для будаўніцтва новага азотнага комплексу ў Гродне: "Задума наступная: 15% (прыкладна 250 млн долараў) — гэта ўласныя сродкі ААТ "Гродна Азот", астатнія — прыцягнутыя. Адзін з варыянтаў — кітайская крэдытная лінія, прапрацоўваюцца і альтэрнатыўныя магчымасці. У прыватнасці сродкі кансорцыума беларускіх і расійскіх банкаў".
Андрэй Серада, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239