Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/08/980315_12345/
Дата раздрукоўкі: 21.11.2018 18:48
08.11.2018 15:16 Эканоміка

Турчын: Асноўны ўпор работы ўрада будзе зроблены на далейшае павышэнне канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі

Мінск, 8 лістапада. "Асноўны ўпор работы ўрада будзе зроблены на далейшае павышэнне канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі, развіццё электроннага гандлю, малога і сярэдняга бізнесу, а таксама сферы паслуг", — завіў прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын на сустрэчы з дэлегацыяй Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА) 8 лістапада ў Мінску.

У сустрэчы ўзялі ўдзел намеснік генеральнага дырэктара Сусветнай гандлёвай арганізацыі Алан Вулф, дырэктар дэпартамента краін, якія далучаюцца, Сакратарыята СГА Майка Ашыкава і сакратар рабочай групы па далучэнні Рэспублікі Беларусь да СГА Дзімітар Братанаў.

Як паведамляе прэс-служба Савета міністраў, Турчын праінфармаваў дэлегацыю аб новым складзе ўрада Беларусі. "У новым урадзе будзе забяспечана пераемнасць курсу нашай знешнегандлёвай палітыкі без якіх-небудзь радыкальных зменаў. Сярод важных задач мы таксама разглядаем больш хуткае завяршэнне перамоўнага працэсу па далучэнні Беларусі да СГА", — падкрэсліў першы намеснік прэм'ер-міністра.

Ён таксама адзначыў, што магчымым арыенцірам у гэтым кірунку магла б стаць 12-я Міністэрская канферэнцыя СГА, якая адбудзецца ў чэрвені 2020 года ў Астане.

"Паказальна, што наша сустрэча праходзіць у перыяд значнай актывізацыі двухбаковага і шматбаковага фармату перамоў па ўступленні ў СГА. Апошнім часам нам удалося забяспечыць сур'ёзны рывок наперад па гэтых напрамках. Разам з тым яшчэ захоўваюцца асобныя пытанні ў частцы экспартных абмежаванняў і мер нетарыфнага рэгулявання знешняга гандлю, над якімі нам трэба будзе далейшая праца", — сказаў Турчын.

Першы віцэ-прэм'ер падзякаваў Алану Вулфу і сакратарыяту СГА за падтрымку Беларусі на шляху хутчэйшага далучэння да арганізацыі.

"Рыхтуючыся стаць паўнапраўным членам СГА, мы ўважліва адсочваем бягучыя тэндэнцыі ў рабоце арганізацыі. Лічым вельмі важным бягучы працэс рэфармавання арганізацыі, аднак хацелі б пазбегнуць вылучэння ў гэтай сувязі новых патрабаванняў з боку членаў СГА ў рамках перамоўнага працэсу па далучэнні", — падкрэсліў першы віцэ-прэм'ер.

У сваю чаргу, паведамляе прэс-служба ўрада, намеснік генеральнага дырэктара СГА Алан Вулф адзначыў, што "працэс актывізацыі перамоў з боку Беларусі вельмі спрыяльна ўспрыняты членамі арганізацыі". Ён праінфармаваў, што з моманту аднаўлення перамоўнага працэсу адбылося тры прадуктыўныя пасяджэнні рабочай групы па далучэнні і падпісана дзевяць пратаколаў па выніках двухбаковых перамоваў.
Андрэй Серада, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН