Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/08/980344_12345/
Дата раздрукоўкі: 21.11.2018 19:39
08.11.2018 17:37 Эканоміка, Грамадства

З 1 студзеня 2019 года ў Беларусь бяспошлінна можна будзе ўвозіць тавары на 500 еўра

Мінск, 8 лістапада. З 1 студзеня 2019 года ў Беларусь наземным транспартам бяспошлінна можна будзе ўвезці тавары на суму, якая не перавышае 500 еўра, і вагой не большай за 25 кілаграмаў. Такое рашэнне прыняў 1 лістапада Савет Еўразійскай эканамічнай камісіі, яно абавязковае для ўсіх пяці дзяржаў — членаў ЕАЭС.
Цяпер бяспошлінна можна ўвозіць тавары на агульную суму не большую за 1.500 еўра і вагой да 50 кг.

Правілы ўвозу тавараў фізічнымі асобамі былі ўсталяваныя ЕЭК 20 снежня мінулага года. У ЕЭАС меркавалася паэтапнае зніжэнне вагавых і вартасных лімітаў бяспошліннага ўвозу тавараў у суправаджаным багажы любым відам транспарту, акрамя паветранага.

Меркавалася, у прыватнасці, што з 2019 года стаўкі знізяцца да 1.000 еўра і 50 кг адпаведна, а з 2020 года — да 750 еўра і 35 кілаграмаў. З 2021 года з-за мяжы можна было б бяспошлінна прывезці тавары на суму, якая не перавышае 500 еўра, і вагой не большай за 25 кілаграмаў.

Аднак у сваім апошнім рашэнні Савет ЕЭК зрабіў планы больш жорсткімі. Калі раней меркавалася паэтапнае памяншэнне лімітаў да 500 еўра за тры гады, то новае рашэнне сведчыць пра тое, што выніковая норма будзе дзейнічаць ужо з 1 студзеня 2019 года.

Варта адзначыць, што ў Беларусі ўжо дзейнічаюць дадатковыя абмежаванні для тых, хто перасякае мяжу часцей за адзін раз на тры месяцы. У такім выпадку можна прывезці бяспошлінна з-за мяжы тавар не болей чым на 300 еўра або вагой не большай за 20 кілаграмаў. За перавышэнне лімітаў трэба заплаціць увазную мытную пошліну з сумы перавышэння, мытны збор і падатак на дададзены кошт.

Акрамя таго, з 14 красавіка 2016 года ў Беларусі дзейнічае норма, згодна з якой адной асобе дазволена без выплаты мытных плацяжоў атрымаць маёмасць у паштовых адпраўленнях з-за мяжы коштам не большым за 22 еўра і вагой да 10 кг за месяц. Пры перавышэнні ліміту неабходна плаціць 30% ад сумы перавышэння, а таксама дадаткова выплаціць мытны збор у памеры 5 еўра за здзяйсненне мытных аперацый за кожную пасылку.

"Белпошта" звяртала ўвагу, што з-за ўзмацнення жорсткасці абмежаванняў на бяспошлінныя пасылкі з-за мяжы за год страціла 4,6 млн рублёў даходаў.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН