Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/08/eu_980242_980243/
Дата раздрукоўкі: 21.11.2018 19:45
08.11.2018 09:16 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Еўрапейская народная партыя заклікае перагледзець прыярытэты супрацоўніцтва з Беларуссю з-за сітуацыі з правамі чалавека

Мінск, 8 лістапада. Еўрапейская народная партыя (ЕНП) заклапочаная "структурным і шырока распаўсюджаным" характарам парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, гаворыцца ў рэзалюцыі, прынятай 7 лістапада на кангрэсе ЕНП у Хельсінкі.
У дакуменце выказаная занепакоенасць "крытычным узмацненнем націску на дэмакратыю ў Беларусі, працягам парушэнняў правоў чалавека і складанай сітуацыяй для палітычнай апазіцыі, незалежных прафсаюзаў, грамадзянскай супольнасці, журналістаў і іншых абаронцаў свабоды".

Партыя заклікае ўлады Беларусі спыніць націск на незалежныя СМІ і крымінальны пераслед журналістаў у межах "справы БелТА". ЕНП таксама заклікае аднавіць доступ да незалежных інтэрнэт-рэсурсаў "Беларускі партызан" і "Хартыя'97".

У рэзалюцыі гаворыцца пра неабходнасць перагляду прысудаў і спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да кіраўнікоў незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка. ЕНП заклікае беларускія ўлады спыніць націск на незалежныя прафсаюзы.

Акрамя гэтага, у рэзалюцыі ўтрымліваецца заклік неадкладна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязняў, у тым ліку Міхаіла Жамчужнага.

Удзельнікі кангрэса ЕНП таксама нагадваюць аб неабходнасці выконваць міжнародныя абавязацельствы Беларусі ў галіне права на свабоду асацыяцый. ЕНП, у прыватнасці, занепакоеная адсутнасцю прагрэсу ў справе рэгістрацыі партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", аб'яднання "Сацыяльна-хрысціянскі рух", праваабарончага цэнтра "Вясна" і іншых грамадскіх аб'яднанняў.

Еўрапейская партыя заклікае ўрад Беларусі выконваць свае абавязацельствы ў межах АБСЕ адносна права на свабоду сходаў і выказвання меркаванняў.

У рэзалюцыі ўтрымліваецца заклік да міжнародных фінансавых інстытутаў, урадаў і прадстаўнікоў бізнесу ўлічваць сітуацыю ў Беларусі пры супрацоўніцтве з беларускімі ўладамі.

З-за пастаянна пагаршэння становішча ў сферы правоў чалавека ў краіне ЕНП заклікае Еўрапарламент і Еўракамісію тэрмінова распачаць неабходныя захады, у тым ліку перагледзець прыярытэты супрацоўніцтва з Беларуссю, а таксама разгледзець дадатковыя магчымасці для абароны правоў чалавека.

Еўрапейская народная партыя — адна з найбуйнейшых партый Еўропы, якая ўдзельнічае ва ўсіх палітычных інстытутах ЕС і Савеце Еўропы, — лічыць неабходным перагледзець фармат дыялогу ЕС з Беларуссю, а таксама зрабіць галоўнымі на парадку дня пытанні захавання правоў чалавека, рэфармавання выбарчай і праваахоўнай сістэм.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН