Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/12/980649_980650/
Дата раздрукоўкі: 06.04.2020 05:17
12.11.2018 11:57 Грамадства

Праваабаронцы заяўляюць пра націск сілавых структур на свайго магілёўскага калегу Алеся Буракова

Мінск, 12 лістапада. Закрыты ўладамі праваабарончы цэнтр "Вясна" заяўляе пра націск сілавых структур на магілёўскага праваабаронцу і журналіста Алеся Буракова. Адпаведная заява размешчана на сайце spring96.org.

8 лістапада Буракоў быў выкліканы ў Кастрычніцкае РУУС Магілёва, дзе лейтэнант міліцыі Павел Кот прапанаваў яму даць тлумачэнні ў сувязі з правядзеннем у дачыненні да яго праверкі органаў МУС па арт. 193.1 КК па "факце дзейнасці незарэгістраванай арганізацыі ПЦ "Вясна". Праверка ў рамках Крымінальна-працэсуальнага кодэкса праводзіцца Кастрычніцкім РУУС Магілёва з 8 кастрычніка. Карыстаючыся сваім правам, Буракоў адмовіўся ад дачы якіх-небудзь тлумачэнняў.

У заяве праваабаронцаў адзначаецца, што ў лістападзе 2003 года Вярхоўны суд Беларусі прыняў рашэнне аб ліквідацыі праваабарончага цэнтра "Вясна". У жніўні 2007-га Камітэт па правах чалавека (КПЧ) ААН прызнаў гэта рашэнне парушэннем права на свабоду асацыяцый, якое Беларусь павінна забяспечыць у адпаведнасці са сваім абавязацельствам па Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах. Ураду было прапанавана забяспечыць заснавальнікам арганізацыі адпаведныя сродкі прававой абароны, уключаючы перарэгістрацыю ПЦ "Вясна" і кампенсацыю.

Насуперак узятым на сабе абавязацельствам урад Беларусі не толькі не выканаў рашэння КПЧ ААН, але і тройчы адмовіў у рэгістрацыі грамадскіх аб`яднанняў, наваствораных актывістамі "Вясны" ў 2007—2009 гадах. Гэтыя адмовы таксама былі прызнаныя КПЧ ААН парушэннем права на свабоду асацыяцый. У сувязі з відавочным нежаданнем уладаў рэгістраваць праваабарончую арганізацыю члены савета цэнтра "Вясна" заявілі аб далейшым працягу сваёй дзейнасці без дзяржаўнай рэгістрацыі.

У заяве падкрэсліваецца, што міжнародныя і беларускія праваабарончыя арганізацыі неаднаразова заяўлялі аб неканстытуцыйным характары артыкула 193.3 КК, яго неадпаведнасці міжнародным нормам у галіне правоў чалавека. Адпаведная ацэнка арт. 193.1 КК была дадзена і ў экспертна-прававым заключэнні Еўрапейскай камісіі за дэмакратыю праз права (Венецыянскай камісіі пры Савеце Еўропы).

Адзначаецца таксама, што гэта не першы выпадак спробы пераследу актывістаў ПЦ "Вясна" па ар.193.1 КК. Так, у лютым 2011 года Генпракуратура вынесла ў адрас старшыні арганізацыі Алеся Бяляцкага афіцыйнае пісьмовае папярэджанне аб недапушчальнасці дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі і магчымым прыцягненнем яго да крымінальнай адказнасці ў выпадку працягу такой дзейнасці. У жніўні 2011-га па рашэнні Генпракуратуры сайт spring96.org быў унесены ў спіс абмежаванага доступу ў сувязі з тым, што дзейнасць ад імя "Вясны", якая не прайшла дзяржаўную рэгістрацыю, супярэчыць заканадаўству і за арганізацыю такой дзейнасці прадугледжана крымінальная адказнасць.

"Правядзенне праверкі ў рамках КПК Беларусі па арт. 193.1, якая пачалася 8 кастрычніка 2018 года, органамі МУС Магілёва выглядае вельмі дзіўна на фоне дэклараванага і шырока анансаванага ўладамі Беларусі працэсу дэкрыміналізацыі дзейнасці ад імя незарэгістраваных арганізацый, — гаворыцца ў заяве. — Патрабаванне адмены арт. 193.1 КК і недапушчэнне яго замены нават на адміністрацыйную адказнасць утрымліваецца ў рэкамендацыях Камітэта па правах чалавека ААН, якія былі зробленыя камітэтам у адрас урада Рэспублікі Беларусь па выніках праходжання першай за апошнія 20 гадоў справаздачы Рэспублікі Беларусь у КПЧ ААН".

Праваабаронцы расцэньваюць распачатую праверку ў дачыненні да Буракова як "чарговы нічым не прыхаваны націск у сувязі з яго актыўнай праваабарончай дзейнасцю, а таксама як націск на ўсіх членаў ПЦ "Вясна" ў цэлым". Яны патрабуюць неадкладна спыніць праверку ў дачыненні да Буракова, а таксама прыняць меры, накіраваныя на адмену забароны на дзейнасць незарэгістраваных арганізацый у Беларусі і на дэкрыміналізацыю такой дзейнасці і адмену арт. 193.1 КК.

У заяве таксама гаворыцца пра неабходнасць стварыць належныя ўмовы для легітымнай дзейнасці ўсіх праваабарончых арганізацый у краіне, у тым ліку ПЦ "Вясна", у адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі ў галіне правоў чалавека, добраахвотна ўзятымі на сябе Беларуссю.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239