Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/12/980682_770011/
Дата раздрукоўкі: 06.04.2020 06:20
12.11.2018 13:20 Эканоміка, Грамадства

У Мінску дэлегацыі дзевяці дзяржаў удзельнічаюць у пленарным тыдні Еўразійскай групы па барацьбе з адмываннем злачынных даходаў і фінансаваннем тэрарызму

Мінск, 12 лістапада. З 12 па 16 лістапада ў Мінску праходзяць мерапрыемствы пленарнага тыдня Еўразійскай групы па барацьбе з адмываннем злачынных даходаў і фінансаваннем тэрарызму (ЕАГ).

Як паведаміла прэс-служба Камітэта дзяржкантролю, "кіраўнікі падраздзяленняў фінансавага маніторынгу сабраліся ў беларускай сталіцы для абмеркавання ўзаемадзеяння ў сферы барацьбы з легалізацыяй злачынных даходаў і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці ў мэтах забеспячэння рэгіянальнай і міжнароднай стабільнасці, збліжэння заканадаўстваў і падрыхтоўкі кадраў у гэтай сферы".

Удзел у мерапрыемствах пленарнага тыдня бяруць дэлегацыі дзевяці дзяржаў — удзельніц ЕАГ (Беларусь, Індыя, Казахстан, Кітай, Кыргызстан, Расія, Таджыкістан, Туркменістан і Узбекістан), а таксама дзяржаў і міжнародных арганізацый, якія маюць у групе статус назіральніка.

У першы дзень пленарнага тыдня пройдуць пасяджэнні рабочых груп ЕАГ: па тыпалогіі і супрацьдзеянні фінансаванню тэрарызму і злачыннасці, па ўзаемных ацэнках і прававых пытаннях, па тэхнічным садзейнічанні.

Асноўнае мерапрыемства — пленарнае пасяджэнне ЕАГ — адбудзецца 15—16 лістапада. Удзел у ім возьмуць прыблізна 250 экспертаў і спецыялістаў у сферы барацьбы з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму.

У межах тыдня, паведамляе прэс-служба КДК, пройдзе таксама семінар па падрыхтоўцы Беларусі да міжнароднай ацэнкі нацыянальнай сістэмы па барацьбе з адмываннем злачынных даходаў. У ведамстве адзначылі, што такая ацэнка перыядычна праводзіцца ў кожнай з дзяржаў, асноўны этап ацэнкі адбудзецца ў сакавіку наступнага года, калі ў Мінск прыбудуць эксперты-ацэншчыкі ЕАГ.

Беларусь другі раз прымае аўтарытэтны міжнародны форум. Папярэдні раз пленарны тыдзень ЕАГ праводзіўся ў Мінску ў 2013 годзе. Ад краіны ўдзельнічае дэпартамент фінансавага маніторынгу Камітэта дзяржкантролю.

Еўразійская група па супрацьдзеянні легалізацыі злачынных даходаў і фінансаванню тэрарызму створаная ў 2004 годзе з мэтай рэалізацыі сумесных намаганняў па барацьбе са злачынствамі ў фінансавай сферы і зніжэнні пагрозы міжнароднага тэрарызму.

Група спрыяе дзяржавам-членам у распаўсюджванні міжнародных стандартаў, ва ўдасканаленні нацыянальнага заканадаўства, у выяўленні агульных рызык і пагроз, прымяненні рызыка-арыентаванага падыходу ў сферы процідзеяння адмыванню грошай і фінансаванню тэрарызму.

У ЕАГ уваходзяць дзевяць дзяржаў, 15 — назіральнікі. Статус назіральнікаў прысвоены 21 міжнароднай арганізацыі і спецыялізаванай структуры.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239