Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/12/eu_980696_980697/
Дата раздрукоўкі: 06.04.2020 05:29
12.11.2018 13:53 Палітыка, Эканоміка, Беларусь — Еўрасаюз

Мясніковіч абмеркаваў з прэзідэнтам сената Францыі пытанні рэгіянальнай бяспекі (дапоўнена)

Мінск, 12 лістапада. Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч 11 лістапада сустрэўся з прэзідэнтам сената Францыі Жэрарам Ларшэ.

Мясніковіч наведвае Парыж для ўдзелу ў мерапрыемствах з нагоды 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны.

Як паведамляе прэс-служба Савета Рэспублікі, кіраўнікі верхніх палат парламентаў абедзвюх краін віталі стварэнне ў 2018 годзе ўпершыню ў гісторыі беларуска-французскіх адносін групы дружбы "Францыя — Беларусь" у сенаце і рабочай групы па супрацоўніцтве з Францыяй у Савеце Рэспублікі.

"Бакі абмеркавалі пытанні паглыблення двухбаковых кантактаў, а таксама праблематыку рэгіянальнай бяспекі і кірункі ўзаемадзеяння з міжнароднымі арганізацыямі (Саветам Еўропы, Еўракамісіяй і г.д.)", — адзначылі ў прэс-службе.

У якасці найважнейшага прыярытэту супрацоўніцтва верхніх палат парламентаў дзвюх краін адзначана садзейнічанне развіццю эканамічных сувязяў, а таксама прыцягненне французскіх інвестыцый у Беларусь.

Плануецца візіт у адказ Жэрара Ларшэ ў Мінск, дадалі ў прэс-службе.

Мясніковіч прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі святкавання 100-годдзя з дня падпісання перамір'я 1918 года, якая прайшла каля Трыумфальнай аркі ў Парыжы. У рамках цырымоніі адбыўся ваенны цырыманіял і быў запалены вечны агонь памяці невядомага салдата. Старшыня Савета Рэспублікі таксама прыняў удзел у афіцыйных прыёмах ад імя прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона для замежных дэлегацый.

У ходзе візіту прайшлі кароткія гутаркі кіраўніка беларускай дэлегацыі з Эмануэлем Макронам, прэзідэнтамі Украіны Пятром Парашэнкам, Літвы Даляй Грыбаўскайтэ, Грузіі Георгіем Маргвелашвілі, Сербіі Аляксандрам Вучычам, Малдовы Ігарам Дадонам, прэм'ер-міністрам Арменіі Ніколам Пашынянам, кіраўнікамі парламентаў Кыргызстана, Таджыкістана і Узбекістана, а таксама з міністрам замежных спраў Польшчы Яцэкам Чапутовічам.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239