Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/13/980908_980909/
Дата раздрукоўкі: 05.06.2020 00:51
13.11.2018 16:00 Палітыка, Эканоміка

Эксперты каментуюць прызначэнне Уладзіміра Сямашкі паслом Беларусі ў Расіі

Мінск, 13 лістапада. Прызначэнне былога віцэ-прэм'ера Уладзіміра Сямашкі на пасаду пасла Беларусі ў Расіі з'яўляецца лагічным рашэннем, лічыць эксперт аналітычнага цэнтра "Стратэгія" (Мінск) Валерый Карбалевіч.

Месца пасла Беларусі ў Расіі пуставала больш за два месяцы. Папярэдні пасол — Ігар Петрышэнка. 18 жніўня яго прызначылі віцэ-прэм'ерам. У верасні Аляксандру Лукашэнку прапаноўвалі некалькі кандыдатур, але ён даручыў падумаць над іншымі варыянтамі. 13 лістапада прэзідэнт прызначыў паслом Беларусі ў РФ Уладзіміра Сямашку. Па сумяшчальніцтве Сямашка прызначаны паўнамоцным прадстаўніком Беларусі пры Эканамічным савеце СНД і пры АДКБ, спецыяльным прадстаўніком Беларусі па пытаннях інтэграцыйнага супрацоўніцтва ў рамках Саюзнай дзяржавы, ЕАЭС, СНД і АДКБ.

Паводле слоў Карбалевіча, на такую важную і адказную пасаду, як пасол Беларусі ў РФ, прызначаюць, як правіла, чыноўнікаў з вялікай адміністрацыйнай і кіраўніцкай вагой. "Пасламі туды прызначаліся людзі на пасадзе віцэ-прэм'ера — Васіль Далгалёў, Андрэй Кабякоў. Гэта логіка прадоўжана", — адзначыў палітолаг у каментары БелаПАН.

Акрамя таго, дадаў ён, паслом у Расіі павінен быць добра інтэграваны ў двухбаковыя адносіны чалавек. Уладзімір Сямашка ў гэтым плане — самы вопытны, менавіта ён вёў усе складаныя перамовы з Расіяй па праблемных пытаннях у сферы энергетыкі. "Паколькі тэма паставак нафты і газу для беларускай эканомікі ключавая, то зразумелая і роля Сямашкі ва ўсіх гэтых перамовах. Ён вельмі жорсткі перамоўшчык, ён так адстойваў пазіцыю Беларусі, што гэта выклікала пэўнае незадавальненне ў расійскіх чыноўнікаў. Яму давяраў і, мяркуючы па ўсім, цяпер давярае Лукашэнка", — выказаў меркаванне аналітык.

Затрымку з выбарам беларускі палітолаг Дзмітрый Балкунец (Масква) тлумачыць "кароткай лаўкай запасных". "Лукашэнка абраў цяжкавагавіка, у першую чаргу ў тых галінах, якія з'яўляюцца ключавымі для беларускай эканомікі і двухбаковых адносін. Сямашка ведае ўсіх ключавых спікераў, якія прымаюць рашэнні па энергетыцы і гандлі. Новы пасол будзе дапамагаць вырашаць складаныя пытанні", — адзначыў палітолаг.

Пры гэтым ён сумняваецца ў сур'ёзным прарыве двухбаковых адносінаў з прыходам новага пасла, паколькі Сямашка — чыноўнік старой загартоўкі, які не гатовы да сучасных метадаў працы. "Калі мы гаворым пра моцныя прарыўныя адносіны, павінна быць яркая фігура. Патрэбен сучасны, свежы пасол, якога, па меншай меры, ведалі б у Расіі звычайныя грамадзяне. Я не бачу, каб Сямашка засвяціўся. Апроч эканомікі трэба ж весці гаворку аб важных культурных праектах, але пакуль беларускае пасольства ў Маскве на гэта звяртае мала ўвагі", — падкрэсліў Балкунец.
Аляксандр Ярашэвіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239