Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/14/981055_445566/
Дата раздрукоўкі: 05.06.2020 00:19
14.11.2018 14:14 Палітыка, Грамадства

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Канапацкая просіць кіраўніцтва МУС адмяніць высылку з Беларусі прэс-сакратара АГП Красулінай

Мінск, 14 лістапада. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая лічыць рашэнне аб высылцы на год з Беларусі прэс-сакратара Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ганны Красулінай "празмерным і палітычна матываваным" і просіць кіраўніцтва МУС адмяніць яго.

Яна "вельмі абураная" навіной пра высылку. "Ведаючы Ганну шмат гадоў (Канапацкая ўваходзіць у Нацыянальны камітэт АГП. — БелаПАН.), магу з упэўненасцю сцвярджаць, што ніякай пагрозы або небяспекі для грамадскага парадку яна ніколі не ўяўляла. А што такое, паводле логікі ўлады, "несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы", мы ўсе ведаем. Гэта даўно з'яўляецца інструментам задушэння іншадумства, што супярэчыць Канстытуцыі Беларусі, парушае міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека, якія ўзяла на сябе Рэспубліка Беларусь", — напісала дэпутат на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку".

Канапацкая лічыць рашэнне аб высылцы "актам палітычнага націску на апазіцыйную палітычную партыю напярэдадні выбарчых кампаній".

"Гэтыя не абдуманыя да канца дзеянні работнікаў сілавога блока краіны падрываюць і без таго складаныя, няпростыя і шматгадовыя дзеянні беларускага МЗС, а таксама маю двухгадовую працу і міжнародную дзейнасць як дэпутата Палаты прадстаўнікоў і члена АГП па наладжванні паўнавартасных і ўзаемавыгадных адносін Рэспублікі Беларусь з Еўрапейскім саюзам і ЗША, асабліва ў пытаннях палітычных правоў і свабод", — напісала яна.

Красуліна павінна пакінуць Беларусь да 30 лістапада. Яна грамадзянка Расіі, але жыве ў Беларусі, дзе знаходзіцца яе сям'я, у тым ліку бацькі, з 2002 года. Прычынай рашэння аб дэпартацыі сталі адміністрацыйныя правапарушэнні: у 2016 і 2017 гадах у дачыненні да яе былі складзеныя два пратаколы на падставе артыкула 23.34 КоАП (удзел у несанкцыянаванай акцыі), у 2018 годзе яшчэ адзін — за не аплачаны своечасова праезд у аўтобусе. Усе штрафы выплачаныя.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239