Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/16/981402_225588/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 16:12
16.11.2018 15:07 Палітыка

Пасол Расіі: Мы не можам на кожны чых адкрываць па ваеннай базе

Мінск, 16 лістапада. Расія не аддзяляе сябе ад Беларусі ў ваенным плане, аднак прапановы аб размяшчэнні ў рэспубліцы ваеннай базы РФ з 2015 года не гучалі, заявіў журналістам у Мінску 16 лістапада расійскі пасол Міхаіл Бабіч.
"Увесь час ідзе размова, такі доўгі палітычны серыял — размяшчэнне нейкай расійскай ваеннай базы. Гатовы вам у гэтай сувязі адказна заявіць: пачынаючы з 2015 года ніхто ні ў адкрытым рэжыме, ні ў закрытым ніякіх прапаноў аб размяшчэнні расійскай вайсковай базы ў Беларусі нікому не рабіў", — сказаў дыпламат.

"Сапраўды, у дыяпазоне 2012—2015 гадоў НАТА вёў актыўную палітыку ў гэтай частцы, пачынаючы ад пашырэння на ўсход і заканчваючы размяшчэннем розных ваенных аб`ектаў блізу межаў Саюзнай дзяржавы. І, сапраўды, тады выпрацоўваліся розныя рашэнні па сіметрычным адказе на гэтыя дзеянні", — падкрэсліў Бабіч.

Ён удакладніў, што гэтыя рашэнні былі прынятыя "ў іншай канфігурацыі з улікам той дыслакацыі ўжо дзейных расійскіх груповак".

Каментуючы прапанову Польшчы аб размяшчэнні на яе тэрыторыі ваеннай базы ЗША, расійскі пасол заявіў: "Мы не можам на кожны чых адкрываць па ваеннай базе. Ну ці мала хто там што сказаў?"

Паводле слоў Бабіча, усе планы па ударным адказе і іншых дзеяннях у адказ у выпадку нейкай агрэсіі або пагрозы для Саюзнай дзяржавы ўзгодненыя і вывераныя прэзідэнтамі дзвюх краін. "Сённяшні парытэт дазваляе вырашыць любую задачу. Яго найменшая змена пацягне вельмі жорсткія дзеянні ў адказ, — сказаў дыпламат. — Мы не падзяляем сябе з Беларуссю ў ваенным плане. Існых сіл цалкам дастаткова для таго, каб сёння не проста купіяваць любую пагрозу, а сумесна з Узброенымі сіламі Беларусі нанесці непрымальны ўрон любому суперніку ў любой сітуацыі".

Расійскі пасол упэўнены, што гэта "добра ведаюць нашы так званыя партнёры па НАТА".

"Усе беларусы павінны быць спакойныя, а тыя, хто выношвае нейкія планы, — лепш ім гэтага не рабіць", — падсумаваў Бабіч.

Міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу 24 кастрычніка ў Мінску на сумеснай калегіі ваенных ведамстваў Расіі і Беларусі сказаў, што планы Польшчы па размяшчэнні на яе тэрыторыі дывізіі Узброеных сіл ЗША не спрыяюць умацаванню рэгіянальнай бяспекі і вымушаюць прымаць меры ў адказ.

Разам з тым на сустрэчы з амерыканскімі аналітыкамі 6 лістапада Аляксандр Лукашэнка назваў "надуманай праблемай" разважанні аб магчымым размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі расійскай ваеннай базы ў адказ на дзеянні Вашынгтона. "Мы ў ваенна-палітычным саюзе з Расіяй. Будзе тут база ваенная, не будзе — розніцы абсалютна ніякай няма. І мы гэтую базу не размяшчаем тут не таму, што мы хочам вам ці каму-небудзь паказаць, што мы суверэнныя і незалежныя. Мы яе не размяшчаем таму, што яна тут не патрэбная. Мы самі згодна з нашай задумай, ваенным абаронным планам з Расійскай Федэрацыяй, забяспечым тыя функцыі, якія на нас ускладзеныя", — заявіў ён.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, калі НАТА будзе працягваць "запалохваць", размяшчаючы базы ў Польшчы альбо яшчэ якім-небудзь чынам, Беларусі запатрабуецца больш эфектыўная зброя, найперш ракетная.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН